На платформе VODBLISK з'явіліся новыя фільмы — як ад беларускіх рэжысёраў, так і ад дацкіх. Арыгінальныя анімацыйныя стужкі, дакументалкі пра беларускіх жанчын і грэнландскіх падлеткаў — расказваем пра навінкі платформы.
Кадр з анімацыйнай стужкі «Калі я быў Генерал»
«Край жанчын»
Дакументальная стужка рэжысёра Аляксея Палуяна, чый фільм «Смеласць» у 2022 годзе патрапіў у лонг-ліст прэміі «Оскар». Ранняя праца кінематаграфіста «Край жанчын» распавядае пра лёс чатырох беларусак, апошніх жыхарак вёскі Любейкі. Яны страцілі сваіх мужчын, некаторыя — дзяцей. У фільме жанчыны спяваюць песні, дзеляцца ўспамінамі і шчыра ўсміхаюцца, — усё гэта перыядычна змяняецца цудоўнымі вясковымі краявідамі.
З вялікай пяшчотай, павагай і далікатнасцю рэжысёр праз гісторыі чатырох гераінь разважае пра каханне, жыццё і яго канечнасць, а таксама складаныя лёсы цэлага пакалення. «Жыццё салодкае, але кароткае», — выразна прыкмячае прыказкай адна з пратаганістак «Края жанчын» і тым самым падкідвае думкі для разважання гледачу. На сёння з чатырох жанчын у жывых засталася толькі адна — Надзея Мікалаеўна Некрашэвіч.
Прагляд па-за межамі Беларусі каштуе 5$, а на тэрыторыі Беларусі бясплатны.
Фільм Аляксея Палуяна «Возера радасці», дарэчы, дагэтуль застаецца самай папулярнай стужкай платформы VODBLISK.
«Смеццевая галава»
На платформе з'явіліся чатыры кароткаметражкі рэжысёра-мультыплікатара Юрыя Сямашкі. Юрый па адукацыі інжынер, а рэжысуры мультыплікацыйнага кіно навучыўся самастойна. Але ўжо паспеў навесці шуму ў беларускай кінасупольнасці сваім фільмам «Смеццевая галава», які быў адзначаны трыма прэміямі «Чырвоны верас» беларускіх кінакрытыкаў, выйграў беларускую конкурсную праграму фестываляў Bulbamovie (Польшча, 2022) і Unfiltered cinema (Беларусь, 2023), а таксама ўдзельнічаў у «Паўночным ззянні» (2023). Сёлета кінематаграфіст скончыў здымкі свайго першага поўнага метра, але пакуль прэм'ера не адбылася, можна азнаёміцца з ягонай папярэдняй творчасцю.
З тэрыторыі іншых краін арэнда адной стужкі каштуе 5$, але можна набыць пакет з 4 фільмаў Юрыя Сямашкі разам за 12.99$.
Галоўны герой стужкі «Смеццевая галава» смяцяр і кінарэжысёр-пачатковец Юра знаходзіць у смецці бутафорскую галаву і забірае яе дадому. У той жа вечар галава ажывае і прапануе Юры выканаць любое яго жаданне.
«Калі я быў Генерал»
Па сюжэце анімацыйнага фільма генерал па загадзе Каралевы адпраўляецца ў далёкія краі, каб знайсці загадкавую птушку, што выратуе горад. Гэта — апошняя надзея паміраючага каралеўства.
«Ультракароткія гісторыі»
Анімацыйны фільм, які складаецца з трох сапраўды ўльтракароткіх гісторый пра постапакаліптычную будучыню: «Карова», «Унікальны» і «Дровы».
«Балюча не будзе»
Уявіце: хлопец пераязджае ў танную кватэру, а ў яго пакоі стаіць непрыемны пах, — з гэтага пачынаецца стужка, якая потым набывае цікавы паварот. Аднойчы ў паштовую скрыню вяртаюць ліст папярэдняй жыхаркі кватэры, дзякуючы чаму хлопец пазнае шакавальную праўду…
«Двойчы каланізаваная»
Выпадковае знаёмства дацкай рэжысёркі Лін Алуна з грэнландскай актывісткай Аайю Пітэр каля дацкага парка «Цівалі» прывяло да стварэння пранізлівага фільма «Двойчы каланізаваная». У ім дакументалістка расказвае гісторыю сваёй гераіні і яе барацьбы за прызнанне карэнных народаў, а таксама з сучасным каланіялізмам і сваімі асабістымі траўмамі.
«Цуму: куды вядуць мары»
Гэта дакументальны калаж пра мары і надзеі зумераў з дэпрэсіўнай правінцыі Грэнландыі. Дацкі рэжысёр Каспер Кірцнер робіць сваіх герояў паўнавартаснымі суаўтарамі: большая частка фільма складаецца з запісаў з іх смартфонаў — энергічных, наіўных, трагічных, але заўсёды вельмі шчырых.
Калі вы шануеце магчымасць глядзець беларускае кіно і фестывальныя хіты замежжа, можаце падтрымаць каманду праекта VODBLISK данатам.
Каментары