Польскія фермеры разлілі свіны гной на мяжы з Беларуссю — каб спыніць мігрантаў-мусульман
Фермеры вырашылі такім чынам дапамагчы памежнікам.
Польскія фермеры, якія ўдзельнічаюць у агульнанацыянальным пратэсце, вырашылі правесці акцыю на мяжы з Беларуссю. Яны разлілі свіны гной на паласе ўздоўж плота, каб спыніць мігрантаў.
Фермеры такім чынам вырашылі дапамагчы памежнікам у іх барацьбе з нелегальнай міграцыяй з тэрыторыі Беларусі, паведамляе wp.pl.
«Мы пачынаем паліваць памежную паласу на польска-беларускай мяжы свіным гноем. Мы пакажам, што праяўляем салідарнасць з польскімі сілавікамі. Мы пакажам уладам, як абараніць нашу тэрыторыю», — распавёў прадстаўнік пратэстнага саюза фермераў Дам'ян Муравец.
Яго калега адзначыў, што разліваць гной фермеры будуць толькі там, дзе атрымаюць на гэты дазвол ад пагранслужбы.
«Усё будзе зроблена па законе. Мы спадзяемся, што калі мы разальём свіны гной, нелегалы не пяройдуць гэтую паласу, калі будуць прытрымлівацца сваёй веры», — лічыць фермер.
Удзельнікі акцыі лічаць, што большая частка мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі, вызнаюць іслам. У гэтай рэлігіі свіння лічыцца нячыстай жывёлай.
Калі менавіта была праведзеная акцыя, невядома. З 13 чэрвеня ў Польшчы на мяжы з Беларуссю дзейнічае буферная зона, доступ грамадзян туды абмежаваны.
Каментары