У Ізраілі з-за доўгага языка Лукашэнкі адмянілі канферэнцыю да 80-годдзя вызвалення Беларусі
Канферэнцыю «Трагедыя і гераізм на беларускай зямлі — да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», якую планавалі 27 чэрвеня правесці ў Ізраілі, адмянілі ў сувязі з апошнімі антысеміцкімі выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе «Позірк» на падставе сваіх «вартых даверу крыніц».
У рамках мерапрыемства, якое павінна было прайсці ў Музеі яўрэйскага ваяра Другой сусветнай вайны імя Хаіма Герцага (Латрун), акрамя канферэнцыі, меркавалася правесці цырымонію ўскладання вянкоў да манумента ў памяць пра яўрэяў-партызан і змагароў гета.
Завяршыцца мерапрыемства павінна было фуршэтам, азнаямленнем з выставай пра падзеі Другой сусветнай вайны ў Беларусі і экскурсіяй па музеі яўрэйскага ваяра.
Такая рэакцыя стала вынікам таго, што 14 чэрвеня, гаворачы пра карупцыйную справу з удзелам Ігара Брыло, які спачатку быў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, а пасля памочнікам Лукашэнкі па Віцебскай вобласці, Лукашэнка згадаў, што разам з ім па крымінальнай справе праходзяць тры дзясяткі чалавек і чамусьці падкрэсліў іх этнічнае паходжанне.
«Вось тры дзясяткі чалавек пералічаныя. Вы мяне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову яўрэяў. Гэта што, у нас асаблівае, прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню? Усе аднолькавыя перад законам. І яўрэі, і беларусы, і ўкраінцы, рускія і палякі», — заявіў палітык.
Каментары