Петыцыю з патрабаваннем адмяніць чарговую частку папулярнай серыі Assassin's Creed масава падпісваюць заходнія ўльтраправыя. У дыскусіі вакол гульні адзначыўся і Ілан Маск. Але ў саміх японцаў прэтэнзіі не да колеру скуры.
Пасля гучнага анонсу гульні Assassin's Creed Shadows, дзеянне якой будзе адбывацца ў феадальнай Японіі XVI стагоддзя, гульнявая супольнасць актыўна абмяркоўвае яе персанажаў і гістарычную дакладнасць.
У гульні будуць два пратаганісты, паміж якімі гулец зможа пераключацца: жанчына-ніндзя Наоэ і чарнаскуры самурай Ясукэ.
Першы трэйлер Assassin's Creed Shadows сабраў рэкордную для серыі колькасць дызлайкаў на фоне абвінавачанняў у гістарычнай недакладнасці і крытыкі вобраза цемнаскурага самурая Ясукэ.
Цяпер група японскіх геймераў, незадаволеных тым, як распрацоўшчыкі адлюстравалі эпоху, стварыла петыцыю з патрабаваннем адмяніць праект.
У петыцыі гаворыцца, што Ubisoft павінна адмяніць Assassin's Creed Shadows праз «сур'ёзную абразу японскай культуры», якую распрацоўшчыкі нанеслі, няправільна паказаўшы вобраз самураяў у гульні.
Аўтары петыцыі сцвярджаюць, што ў гульні скажоная роля і характар самураяў у японскай гісторыі, што можа быць звязана з расізмам у дачыненні да азіятаў.
«Гэтая гульня прысвечана японскім самураям, і ў ёй ігнаруецца той факт, што самураі мусяць быць вышэйшай кастай воінаў, якія служаць гокэнінам або знаці», — піша аўтар петыцыі Сімідзу Тору.
У тэксце таксама згадваецца першы еўрапеец, які атрымаў тытул самурая — Уільям Адамс (Міура Андзін), які служыў Такугаву Іэясу ў якасці хатамота і атрымліваў велізарны прыбытак у 250 коку.
Неяпонцу з тэксту петыцыі цяжка зразумець, што канкрэтна не так паказваюць распрацоўшчыкі і якой самі японскія геймеры хочуць бачыць гульню. Але відавочна, што прэтэнзій да колеру скуры ў петыцыі няма.
Але прэтэнзіі да расавай прыналежнасці галоўнага героя з'явіліся ва ўльтраправых з заходніх краін.
«Гульня настолькі глыбока прасякнута парадкам дня, што ў ёй ёсць цемнаскуры, паказаны як «сапраўдны гістарычны самурай» у Японіі. Абразліва да немагчымасці. Ніхто не прасіў», — напісаў у сваім твітары папулярны ўльтраправы блогер Ян Майлз Чэонг.
На ягоны допіс адгукнуўся Ілан Маск, заявіўшы, што «DEI [разнастайнасць, роўнасць і інклюзіўнасць] забівае мастацтва».
DEI kills art
На сёння петыцыю падпісалі ўжо больш за 50 тысяч чалавек. Паводле аналітыка Даніэла Ахмада, абсалютная большасць падпісантаў — ультраправыя з заходніх краін, якія таксама пакідаюць расісцкія каментарыі.
Самі ж японцы крытыкуюць гістарычныя недакладнасці, звязаныя з архітэктурай, звычаямі і культурнымі нормамі, а не колер скуры аднаго з герояў. Японцы былі абураныя тым, што іхняй петыцыяй скарысталіся заходнія геймеры ў сваіх мэтах.
Нягледзячы на абурэнні ўльтраправых, чарнаскуры самурай Ясукэ — рэальны гістарычны персанаж. Як слуга італьянскага езуіцкага місіянера Алесандра Валіньяна ён прыбыў у Японію ў 1579 годзе.
Калі яго прадставілі славутаму магнату-даймё Оду Набунагу, той палічыў, што скура мужчыны афарбаваная чарніламі, і загадаў яму распрануцца да пояса і пачысціць скуру. Калі даймё зразумеў, што скура сапраўды ад прыроды такая чорная, то зацікавіўся Ясукэ і прыняў яго на службу. У рэшце чарнаскуры мужчына стаў самураем і збраяносцам даймё.
Ясукэ быў сведкам таго, як васал, які паўстаў супраць ягонага гаспадара, прымусіў Оду Набунагу здзейсніць харакіры. Самога Ясукэ не кранулі, палічыўшы, што чорны чалавек не японец, а жывёла. Яго выслалі ў хрысціянскую царкву Кіёта, пасля чаго след Ясукэ губляецца.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Але пасля цэтліку чарговага выкарыстання цэтліку "ўльтраправыя" (ажно пяць раз!) стала зразумела. А паверце, сярэднястатыстычны падыход японцаў да сваёй культуры і нацыі нашмат больш радыкальны, чым нібыа "ультра/крайне/супер/турба" правых з Заходняй Еўропы.
Ці гэта тыя, якія пасмелі выступіць супраць масавай з'явы крыміналу з боку не еўрапейцаў у Еўропе, асабліва ісламістаў? Ці гэта ўсе тыя, якія на права ад цэнтра? А можа тыя, якія выступаюць супраць масавага blackwashing і іншых неамарксісцкіх з'яў? І калі ёсць "ультраправыя" ці ёсць "ультралевыя", бо нешта пра іх не пішацца, а з такіх напрыклад Мэланшон?