Расія збірае ракеты Х-101, адна з якіх трапіла ў дзіцячую бальніцу ў Кіеве, з заходніх кампанентаў
Расія выкарыстоўвае заходнія кампаненты пры вырабе ракет Х-101, адна з якіх пры абстрэле Кіева 8 ліпеня трапіла ў дзіцячую бальніцу «Ахматдзет», піша The Financial Times. Артыкул пераказвае «Медуза».
У сваіх высновах выданне спасылаецца на меркаванне экспертаў, а таксама на аналіз украінскага боку фрагмента аналагічнай ракеты, запушчанай войскамі РФ па Украіне ў студзені 2024-га.
Па даных Financial Times, расійскія кампаніі ў 2023 годзе куплялі дэталі, ідэнтычныя тым, з якіх была сабрана запушчаная ў студзені Х-101, на адкрытых гандлёвых пляцоўках і імпартавалі іх праз Кітай.
Раней расійскія журналісты неаднаразова расказвалі, як кампаніі-пасярэднікі закупляюць заходнія кампаненты для расійскага абароннага сектара.
Усяго ў гэтым фрагменце ракеты былі знойдзены 16 заходніх кампанентаў. Два з іх былі маркіраваны як вырабленыя швейцарскай кампаніяй STMicroelectronics, а астатнія былі выраблены амерыканскімі вытворцамі мікрасхем, у тым ліку Texas Instruments, Analog Devices і Intel. Пры гэтым знойдзеныя дэталі ў асноўным былі прызначаныя для цывільнага выкарыстання.
Згодна з аналізам Офіса прэзідэнта Украіны, якія апынуліся ў распараджэнні журналістаў, у цэлай ракеце Х-101 можа быць больш за 50 розных дэталяў замежнай вытворчасці.
Financial Times называе Х-101 адной з самых сучасных расійскіх крылатых ракет.
Паводле ацэнкі брытанскага Каралеўскага інстытута абʼяднаных службаў (RUSI), з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расія ў восем разоў павялічыла абʼёмы вытворчасці ракет Х-101: з 56 штук у 2021 годзе да 420 штук у 2023-м.
Расійскія войскі 8 ліпеня нанеслі масіраваны ракетны ўдар па Кіеве і іншых гарадах Украіны. Пры атацы ў сталіцы пашкоджанні атрымаў корпус дзіцячай бальніцы «Ахматдзет», у выніку чаго два чалавекі загінулі, больш за 30 пацярпелі. Па даных ДСНС Украіны, усяго пры абстрэле Кіева загінулі 33 чалавекі, у тым ліку пяцёра дзяцей. Яшчэ 121 чалавек пацярпеў.
Па версіі ўкраінскіх уладаў, у лякарню патрапіла расійская ракета X-101. Незалежныя эксперты і журналісты, у тым ліку Bellingcat, лічаць, што ў корпус «Ахматдзета» патрапіла расійская ракета. У Мінабароны РФ сцвярджаюць, што разбурэнні ў Кіеве былі выкліканыя «падзеннем украінскай ракеты СПА».
Каментары