Продажы новых аўто б'юць рэкорды. Ці ўдалося дылерам выйсці на даваенны ўзровень?
За першае паўгоддзе афіцыйныя дылеры прадалі 18 904 легкавыя аўто. Гэта на 135% больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.
Але рабіць высновы, абапіраючыся на высокі рост у параўнанні з мінулым годам, не вельмі рэлевантна, бо летась дылеры ўсё яшчэ мелі праблемы з пастаўкамі новых аўто. Таму для лепшага разумення сітуацыі трэба арыентавацца на даваенныя паказчыкі.
І, як паказвае статыстыка, нават у параўнанні з даваенным 2021 годам продажы ў дылераў ідуць добра.
У 2021-м дылеры прадалі 41 217 новых легкавых аўто. Гэта па 3435 адзінак у сярэднім за месяц.
У траўні бягучага года афіцыйныя дылеры прадалі 3 744 аўто, а ў чэрвені — 4 044 аўто, што больш, чым у сярэднім за месяц цягам 2021 года.
Калі дынаміка захаваецца, беларускія дылеры могуць не толькі дасягнуць даваенных аб'ёмаў продажаў, але і перавысіць іх.
Не ўсё так адназначна
Нагадаем, што вясною прадстаўнікі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі заяўлялі пра тое, што перагледзяць прагнозы па продажы новых аўто ў бок павелічэння ў сувязі з новымі абмежаваннямі.
Дадатковыя абмежаванні па імпарце машын з ЕС з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра яны называлі істотным фактарам, які пазітыўна ўплывае на рынак дылерскіх продажаў. Так і было: нейкі час новыя патрабаванні сапраўды гралі на руку афіцыйным дылерам, бо ў адрозненне ад фізічных асоб яны маглі атрымаць ад вытворцаў неабходныя дазволы на экспарт машын у Беларусь.
Беларусы застануцца без новых Porsche
Аднак новы пакет санкцый, прыняты 29 чэрвеня, негатыўна адаб'ецца на працы дылераў.
Цяпер яны больш не змогуць увозіць у Беларусь машыны, даражэйшыя за 50 тысяч еўра, бо гэтае абмежаванне тычыцца як фізічных асоб, так і кампаній. З рэгламенту ЕС вынікае, што беларускія дылеры змогуць пастаўляць такія аўто ў Беларусь толькі да 1 кастрычніка — у выпадку, калі кантракт быў заключаны да 1.07.2024.
Праз некаторы час дылеры BMW, Mercedes-Benz, Audi могуць застацца без аўто, паколькі многія мадэлі трапілі пад забарону на продаж у Беларусі. Porsche, які дагэтуль афіцыйна працаваў у Беларусі, рызыкуе цалкам застацца без новых паставак, паколькі ў мадэльным шэрагу Porsche не існуе машын коштам да 50 тысяч еўра.
Каментары