Падрабязнасці тэракту Крыгера пад Азярышчам — разбураныя шпалы і ніводнага параненага
Па версіі следства, у Палку Каліноўскага грамадзяніну Германіі прапаноўвалі 2000 еўра на месяц — менш за сярэдні заробак у яго краіне.
Прапагандыстка Людміла Гладкая нарэшце апублікавала свой раней анансаваны рэпартаж пра суд над немцам Рыка Крыгерам, які скончыўся смяротным прысудам.
Па словах Гладкай, Крыгер прыехаў у Беларусь 2 кастрычніка 2023 года «з тэлефонамі і беспілотнікам».
Яму прадпісвалася
«правесці ў Асіповічах разведку і фатаграфаванне аб'ектаў па каардынатах. Інструкцыі прыкладаліся. І вось 4 кастрычніка Рыка фатаграфуе тэрыторыю в/ч 97115, вайсковую тэхніку. На наступны дзень — участак чыгуначных пуцей, вагоны, пагрузачна-разгрузачную платформу побач з чыгуначнай станцыяй «Азярышча»,
паслаўшы даныя свайму куратару па імені Мікалай.
Пасля таго Крыгер
«атрымлівае каардынаты і фота тайніка з самаробнай выбуховай прыладай (СВП), а таксама інструкцыю, як усталяваць яе на чыгунцы. Тайнік Крыгер знайшоў у лесапасадцы ў Першамайскім раёне Мінска, пад апорай ЛЭП. Дастаў заплечнік з СВП (не менш за 3 кг выбуховага рэчыва актоген), перавёз і ўсталяваў на чыгуначных пуцях «Азярышча».
Пасля таго Крыгер, паводле прапагандысткі, адсправаздачыўся пра выкананне задання, вярнуўся ў мінскі гатэль і збіраўся 6 кастрычніка вылецець у Баку.
Выбух адбыўся 5 кастрычніка ў 23:22, як сцвярджае Гладкая, «якраз перад прыбыццём на станцыю пасажырскага цягніка». У выніку гэтага нібыта былі, паводле слоў прадстаўніка чыгункі,
«цалкам разбураныя шпалы, рэйкі зрушаныя, выгнутыя вонкі, пашкоджаныя чыгуначнае палатно, мацаванне, раскіданы шчэбневы баласт з утварэннем варонкі, аголеная арматура…»
Пасля таго Людміла Гладкая шчодра цытуе паказанні жыхароў дамоў, якія знаходзіліся непадалёк ад месца выбуху. Усе, вядома, моцна перапалохаліся, у некаторых з вокнаў павылятала шкло, а ў адной са сведак нават нібыта пагнула жалезныя дзверы.
Па словах Гладкай, адзін са сведкаў сцвярджаў, што 6 кастрычніка на пуці, дзе заклалі выбухоўку, павінна была грузіцца вайсковая тэхніка. Праз выбух гэтую пагрузку затрымалі, «а значыць, гэта магло паўплываць на мабільнасць войскаў».
Затрыманы немец нібыта адразу прызнаўся толькі ў агентурнай дзейнасці, нічога астатняга не прызнаваў, а таму гэта ўсё, маўляў, доўга і ўпарта даказвалі праз
«паказанні дзясяткаў сведак, пацярпелых, жыхароў найбліжэйшых да месца выбуху вуліц, людзей, якія былі на чыгуначнай станцыі ў момант і пасля выбуху. Гэта і апытанні служачых в/ч, таксіста, які вёз Крыгера, вынікі аператыўна-вышуковай дзейнасці, паказанні абвінавачанага, якія даваў на папярэднім следстве, пры праверцы паказанняў на месцы. Гэта і вынікі экспертыз (дактыласкапічнай, выбухатэхнічнай, генетычнай і іншых), запісы з камер відэаназірання, інфармацыя з мабільных абвінавачанага, перапіскі, вынікі ператрусаў».
У судзе ад дачы паказанняў Крыгер нібыта адмовіўся, таму зачытвалі толькі тыя, што ён даў падчас следства. На інкрымінаваныя яму злачынствы ён, маўляў, пайшоў добраахвотна і выключна дзеля грошай.
Ваяваць жа ва Украіне, паводле лукашэнкаўскай прапагандысткі, Крыгеру прапаноўвалі ажно за 2 тысячы еўра ў месяц. Гэтая сума, вядома, можа ўразіць беларусаў, але каб яна магла спакусіць грамадзяніна Германіі — вельмі сумнеўна.
Як вядома, суд скончыўся вынясеннем Рыка Крыгеру смяротнага прысуду. Гладкая называе канкрэтныя прозвішчы тых, хто яго выносіў. Суддзёй быў Алег Лапека, а дзяржаўны абвінаваўца — Таццяна Гракун.
Рыка Крыгер, паводле Гладкай, прысуд абскарджваць не стаў, і ён ужо набыў моц.
Рыка Крыгер не стаў абскарджваць смяротны прысуд — ён уступіў у сілу
З'явілася яшчэ некалькі ФОТА з суда над Рыка Крыгерам
Немца Крыгера прысудзілі да смерці за кастрычніцкі выбух у Азярышчы?
Стала вядома, хто абараняў Рыка Крыгера
МЗС Германіі пра лёс асуджанага на смерць Крыгера: Трэба набрацца цярпення
«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу
Каментары