Меркаванні7474

«Беларускі Чэрчыль» — усё? Ці застанецца Сахашчык у камандзе Ціханоўскай пасля канферэнцыі ў Вільні

Падпалкоўнік Валерый Сахашчык, які выйшаў на сцэну ў востры момант 2022 года, ужо доўгі час нагадвае пра сябе толькі зрэдку, засунуўшы ў шуфлядку тыя амбіцыйныя праекты, з якімі ён прыходзіў у палітыку. Ці чакае «міністра абароны» Ціханоўскай лёс Аляксандра Азарава?

У пачатку жніўня Святлана Ціханоўская склікае ў Вільні сваю штогадовую канферэнцыю, на якой палітыкі і дзеячы міграцыі пад камеры задумаюцца над сітуацыяй і публічна абазначаць, як і што яны маюць рабіць далей. 

Канферэнцыя збіраецца ў цёмны для дэмакратыі час: Захад аддаў Беларусь Маскве і нават гатовы замарозіць украінскі канфлікт, пакінуўшы акупаваныя тэрыторыі Расіі.

І Кабінет прадстаўнікоў Ціханоўскай таксама падыходзіць да другой сваёй гадавіны ў няпоўным складзе: пасля расколу Байпола страціў пасаду «міністр унутраных спраў» Аляксандр Азараў, з цьмянымі фармулёўкамі падаў у адстаўку «міністр замежных спраў» Валер Кавалеўскі. 

Доўгі час пад пытаннем быў і ўдзел «міністра абароны» Валерыя Сахашчыка. Яго прозвішча з'явілася ў праграме канферэнцыі ў самы апошні момант.

Прэс-сакратарка Сахашчыка Лізавета Кохман на прамое здзіўленне «Нашай Нівы» адказвала, што «не можа сказаць ні так, ні не» пра планы свайго начальніка аб удзеле. 

З нейкага боку, адсутнасць Сахашчыка выглядала б лагічнай: лідарка дэмакратычнага руху і яе дарадцы ніколі не глядзелі на пытанне вяртання ў краіну з пазіцыі палкаводцаў.

Таму Сахашчыку наўрад ці лёгка працуецца і, пры такім падыходзе, яго роля ў кабінеце не зусім ясная: гэта генерал арміі, якую не збіраюцца склікаць, прынамсі ў гэты гістарычны момант.

А калі такі момант настане і ці настане ўвогуле, не зусім ясна. 

Мэту ж сабраць вакол Кабінета беларусаў, якія ўмеюць ваяваць, Сахашчык таксама не выцягнуў.

Паўтара года таму, у сваёй першай справаздачы пасля прызначэння ў Кабінет, Сахашчык падкрэсліваў, што яму ўдалося наладзіць кантакт з УСУ, вынікам якога мелася стаць стварэнне добра экіпіраванага беларускага падраздзялення з цяжкім узбраеннем; а таксама лічыў поспехам стварэнне «Паспалітага рушэння» — парамілітарных аб'яднанняў эміграцыі. 

Развіцця не выйшла. 

Хоць Сахашчык і меў кантакт з былым камандзірам УСУ генералам Залужным, украінскае падраздзяленне Сахашчыка ў задуманым выглядзе не стварылася; ператоку туды лукашэнкаўскіх афіцэраў у адчувальнай колькасці таксама не адбылося. 

З парамілітарнымі клубамі замежжа Сахашчык таксама па нейкіх прычынах рассварыўся, страціўшы ўплыў.

Вярнуць кантроль ён паспрабаваў тонкім трукам, рукамі польскіх і літоўскіх спецслужбаў: Сахашчык абвінаваціў клубы ў фактычна тэрарыстычных задумах — у падрыхтоўцы ўдару баявым беспілотнікам па беларускіх аб'ектах.

А каб такога не здарылася, прасіў правесці з імі прафілактычную работу з удзелам каманды свайго «Дэпартамента нацыянальнай бяспекі». Такі выбар метадаў паставіў кропку ў адносінах з «Паспалітым рушэннем» і нарадзіў пытанні, ці здае сабе справаздачу Сахашчык у тым, на чый млын ліе ваду. 

Можна было б таксама паразважаць, ці абяцае нешта Сахашчыку і структуры, у якой ён займае пазіцыю, змена ўлады ў Палку Каліноўскага. Вядома, што з папярэдняй вярхушкай падраздзялення — «Ванішам», «Кітом» і Вадзімам Кабанчуком — у Сахашчыка адносіны зусім не склаліся. 

Але, як кажуць «Нашай Ніве» блізкія і далёкія ад камандавання байцы палка Каліноўскага, і ў цяперашняй сітуацыі Сахашчыка там не чакаюць.

Нават у рамках узаемадзеяння блізкіх па духу структур ёсць нюансы: прадстаўнік «Белпола» Уладзімір Жыгар казаў у інтэрв'ю «Нашай Ніве», што дзейнасць Сахашчыка і сам гэты чалавек ім «нецікавы». 

Калегі па дэмакратычным руху не давяраюць той камандзе, якой атачыў сябе Сахашчык. Заходнія дыпламаты скардзіліся суразмоўцам з Беларусі, што Сахашчык прыносіць ім на сустрэчы раздрукаваную канспіралогію з тэлеграм-каналаў і выдае гэта за чыстую манету.

Добра, што прозвішча Сахашчыка ўсё ж з'явілася ў праграме канферэнцыі. Гэта, прынамсі, чалавек, які не ўцякае ад адказаў на пытанні, які можа адкрыта расказаць пра лёс тых праектаў, у якія ён паверыў сам, і ў якія паверылі многія іншыя.

Каментары74

  • Гы
    30.07.2024
    Не чытаў, бо не Мікола Бугай аўтар)
  • Pralj
    30.07.2024
    "Захад аддаў Беларусь Маскве і нават гатовы замарозіць украінскі канфлікт, пакінуўшы акупаваныя тэрыторыі Расіі." - гэта расейскі прапагандыскі наратыў
  • Тэччэр
    30.07.2024
    Чэрчэля пахаваў Церцель.
    Няма чаго беларусаў зліваць.

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні1

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія ваенкары пішуць пра «крах абароны» расійска-сірыйскіх сілаў пад Алепа. Асад спешна вылецеў у Маскву17

У Магілёве прадаюць 23-гадовы VW Golf 4 за 9000 даляраў. Што ў ім такога?1

Стала вядома, колькі сёлета давядзецца заплаціць за натуральную навагоднюю ялінку1

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта16

Вярхоўны суд адмяніў прысуд арт-менеджару Аляксандру Чахоўскаму, справу будуць пераглядаць

У Мінску адкрыецца рэстаран, які прапрацуе ўсяго год

«Даляраў столькі, што хоць печку імі палі». Азаронак на камеру спаліў купюру ў 1 даляр22

Кіраўнік нямецкай разведкі: Расія можа напасці на краіны Балтыі або атакаваць архіпелаг Шпіцберген8

Грузія адмаўляецца ад перамоў аб уступленні ў Еўрасаюз29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні1

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Галоўнае
Усе навіны →