У чацвёртую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года міжнародная супольнасць выказалася пра сітуацыю ў Беларусі і заклікала вызваліць палітвязняў.
Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола заявіла:
«Народ Беларусі павінен быць вольны. Праз 4 гады пасля сфальсіфікаваных выбараў падтрымка Еўрапарламентам дэмакратычнай Беларусі застаецца нязменнай. Эпоха дыктатараў падыходзіць да канца».
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падтрымаў беларусаў у іх змаганні за свабоду:
«Прайшло 4 гады з пачатку кампаніі рэпрэсій Лукашэнкі супраць беларускага народа, які змагаўся за свабоду і дэмакратыю. Літва цяпер дом для Ціханоўскай і многіх беларусаў, якія беглі ад пераследаў. Мы верым у дэмакратычную будучыню Беларусі. Дух свабоды заўсёды перамагае!»
«Рэпрэсіі не сціхаюць, але не сціхае таксама імкненне беларусаў жыць у свабоднай, дэмакратычнай краіне», — адзначыў польскі дыпламат Артур Міхальскі.
«9 жніўня 2020 года беларусы выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Праз чатыры гады больш за 1400 палітычных зняволеных застаюцца за кратамі. Мы заклікаем да іх неадкладнага вызвалення і падтрымліваем беларускі народ і яго дэмакратычныя памкненні, і тысячы людзей, якія былі вымушаныя пакінуць краіну», — напісала ў твітары пасольства ЗША ў Беларусі.
МЗС Нарвегіі таксама згадала, што мірны пратэст быў жорстка задушаны.
«За кратамі застаюцца 1400 палітычных зняволеных. Яны павінны быць вызваленыя», — кажацца ў заяве.
Вярхоўны камісар ЕС Жозэп Барэль паабяцаў працягваць падтрымліваць беларусаў:
«4 гады таму беларусы ішлі на выбары з надзеяй на дэмакратычныя перамены. Замест гэтага яны ўбачылі масавыя фальсіфікацыі на выбарах, жорсткія рэпрэсіі, ізаляцыю і яшчэ большую залежнасць ад Расіі. Мы працягнем падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы».
«Мы выступаем за дэмакратычную і незалежную Беларусь і заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных», — зрабіла заяву МЗС Аўстрыі.
Беларусаў у іх жаданні дэмакратычных перамен падтрымалі таксама дыпламаты Латвіі, Славеніі, Канады, Ірландыі, Даніі, Фінляндыі, Эстоніі, Швецыі, Аўстраліі.
Каментары