Ці сапраўды ў турме ў Жодзіне ў жніўні 2023 памёр палітвязень? Не, сям'я хлусіць
Навіна пра смерць невядомага раней палітвязня разляцелася па ўсіх беларускіх СМІ. Але, як высвятляецца, гэта інфармацыя, хутчэй за ўсё, непраўдзівая. Праваабаронцы з ініцыятывы Dissidentby звярнулі нашу ўвагу на дзіўныя несупадзенні ў гісторыі. Мы знайшлі яшчэ болей інфармацыі. Памерлы мужчына, падобна, не меў дачынення да палітыкі, а людзі, якія распаўсюджваюць гэтую інфармацыю, спрабуюць падмануць медыя.
Людзі, што прадставіліся сваякамі палітвязня, якіх высылаюць са Швецыі, даслалі праваабаронцам і журналістам даведку аб смерці чалавека, якога выдаюць за памерлага палітвязня. Трапіў гэты дакумент і ў нашу рэдакцыю, але ўжо пасля першаснай публікацыі ў іншых СМІ. Такім чынам, гаворка ідзе пра Васіля Цітарэнку, 55-гадовага жыхара Мінска.
Выклікала сумневы як якасць даведкі, гэтак і поўная адсутнасць інфармацыі пра Васіля ў раскладах судоў, хоць гэта вялікая рэдкасць па несакрэтных справах.
Нашы здагадкі пацвердзіў былы турэмны лекар Васіль Завадскі, з якім мы пагутарылі:
«Гэта не бланк СІЗА, але падпісана як бы начальнікам СІЗА. Разам з тым, напісана, што выдана інспекцыяй МУС па Мінску і Мінскай вобласці. Няма такой інспекцыі.
Не супадаюць і ініцыялы начальніка жодзінскай турмы — ён Страбкоў Дзмітрый Мікалаевіч, а ў даведцы нейкі Сцяпкоў Д.Ю. Пячатку ўстановы цяпер падрабіць вельмі проста.
Подпіс начальніка выглядае падробленым. Таксама даведка аб смерці выдана памерламу, гэта немагчыма».
Мы спраўдзілі і расклады судоў. Чалавека з такімі звесткамі няма ані ў якім раскладзе за апошнія два гады.
Старонка самога Васіля Цітарэнкі, якога выдаюць за палітвязня, была актыўная ажно да пачатку ліпеня 2023 года, праз 9 месяцаў пасля «прысуду» і праз амаль год пасля «затрымання». Нехта лайкаў там анекдоты, мемы ды публікаваў матывацыйныя цытаты. Стыль вядзення старонкі зусім не змяніўся пасля меркаванага «затрымання» Васіля.
Звярнулі мы ўвагу і на тое, што тыя, хто выдаюць сябе за сваякоў Васіля, казалі, што яго затрымалі ўвосень 2022-га года. І ўжо праз пару месяцаў прысудзілі тры гады калоніі ажно па пяці артыкулах. Нават бытавыя справы аб крадзяжы рэдка разглядаюцца так хутка, не кажучы пра палітычныя справы.
Больш за тое, «Вясна» звярнула ўвагу, што за «заклікі да санкцый» паводле артыкула 361 КК пачалі судзіць толькі з 2023 года — ужо пасля вынясення «прысуду» Васілю Цітарэнкі. Да таго ж паведамлялася, што яго судзіў адзін з раённых судоў, але такія справы звычайна разглядаюць вышэйшыя суды.
Фота магілы мужчыны сапраўднае. Такім чынам, найхутчэй, Васіль Цітарэнка сапраўды памёр і мы спачуваем яго родным. Але выглядае так, што ён не быў звязаны з палітыкай і не з'яўляўся палітвязнем.
Падобна, што тыя, хто распаўсюджваюць гэтую інфармацыю, папросту хлусяць.
Якая мэта людзей, якія хочуць такім чынам згуляць на болі беларусаў — невядома. Магчыма, яны разлічвалі, што з такой гісторыяй ім дадуць прытулак у Швецыі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары