У Варшаве прадаюць мікракватэру з агульнай плошчай 10 «квадратаў». Кошт уражвае
Нягледзячы на вельмі сціплыя памеры, у кватэры ёсць усё неабходнае для жыцця, праўда, наўрад ці камфортнага.
Кватэра знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Варшавы ў адной хвіліне хады ад парка Мачыдла (польск. Park Moczydło). За памяшканне агульнай плошчай 10 м² просяць 320 тысяч злотых, што каля 83 тысяч даляраў.
Нягледзячы на мізэрныя памеры, уласніку жытла ўдалося размясціць там усё неабходнае.
Выкарыстаны кожны сантыметр
Прадавец апісвае жытло, як беспрэцэдэнтна ўнікальную, сучасную і сімпатычную мікракватэру, яка складаецца з пакоя з міні-кухняй і ваннага пакоя. Аўтар аб'явы падкрэслівае, што ў кватэры выкарыстаны кожны сантыметр прасторы.
У асноўным памяшканні знаходзіцца міні-кухня з умывальнікам, выцяжкай, лядоўняй і варачнай панэллю на дзве канфоркі. Там жа стаіць пральная машына. Ёсць адкідны стол, шафа і раскладная канапа. У калідорчыку стаяць тумбачкі і складное крэсла.
Ванны пакой — гэта асобнае памяшканне з унітазам і душавой кабінай. Для ўмывальніка, відавочна, вольнага месца ўжо не засталося.
Парады для інвестараў
Сярод даволі працяглага пераліку пераваг мікракватэры за 83 тысячы даляраў прадавец запэўнівае, што такое ўкладанне грошай вельмі выгаднае, бо стандартная «кавалерка» плошчай 20 «квадратаў» у гэтым раёне Варшавы каштуе 450-500 тысяч злотых (каля 115-130 тысяч даляраў), таму, набываючы гэтую кватэру, патэнцыйны пакупнік ашчаджае больш за 100 тысяч злотых (каля 26 тысяч даляраў).
Таксама прадавец падкрэслівае, што падобнае жытло мусіць зацікавіць інвестараў, якія здаюць кватэры ў кароткатэрміновую арэнду або студэнтам.
Каментары
Справа вельмі гучная. А з улікам таго, што зараз шмат беларусаў у Польшчы, магло б быць цікава. І напэўна такія навіны больш істотныя, чым чарговыя артыкулы з апраўданнем ідэалогіі гендар ці пра расейскія зоркі.