«Да 23 гадкоў купіла другую машыну і не збіраюся спыняцца»: алімпійская прызёрка Аліна Гарнасько пахвалілася Tesla
Беларуская гімнастка і алімпійская прызёрка Аліна Гарнасько распавяла ў інстаграме, як парадавала сама сябе.
Спартсменка апублікавала фотаздымкі новай машыны — шыкоўнай Tesla Model Y у зялёным колеры — і пахвалілася, што набыла яе ў максімальнай камплектацыі. Пакупкай спартсменка вельмі задаволеная: «Скажу шчыра, задаволена вельмі, далікатна, хутка, плаўна, зручна і, канечне, вельмі прыгожа. Лаўлю погляды выдатнага горада М. Прызвычаюся да зарадак і кайфую ад кіравання (а асабліва ад аўтапілота)».
Не без ілжывай сціпласці Гарнаська дадала, што да 23 гадоў купіла другую машыну і не збіраецца спыняцца на дасягнутым. У мінскіх салонах кошт на такую Tesla пачынаецца ад 38,3-53 тысяч даляраў.
Нагадаем: Аліна Гарнасько заваявала бронзавы медаль у мастацкай гімнастыцы на Алімпійскіх гульнях у Токіа і пасля гэтага адразу пачала казаць пра свае мары пра наступную Алімпіяду ў Парыжы. Таленавітая спартсменка, якой раней прадказвалі вялікую будучыню, падтрымлівае лукашэнкаўскі рэжым: у 2020 годзе яна падпісала праўладны ліст, а ў 2021 хвалілася ў інстаграме, што паціснула руку Аляксандру Лукашэнку.
У 2023 годзе Гарнасько разам з Віктарам Лукашэнкам удзельнічала ва ўрачыстым адкрыцці крамы IROS (прэзентавалася як нацыянальны брэнд спартыўнага адзення). Аліна тады стала афіцыйным тварам новастворанага брэнду.
Але ж любоў да рэжыму зрабіла мары пра новую Алімпіяду попелам: выступаць у Парыжы Гарнасько не дазволілі (хаця яна была гатовая выступаць нават пад нейтральным сцягам). Напярэдадні ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў спартсменка запісала сумны рылс.
Тым не менш Аліна працягвае зарабляць на тым, што праводзіць майстар-класы ў Еўропе — напрыклад, у Іспаніі.
Каментары
Дзеўка будзе на трох ездзіць ?
Скончыць як Кабаева ) Будуць ёй дзяцей пужаць )