Актывіст фонду Талая пахваліўся, што фінансава дамагае расійскай арміі і робіць унёсак у «агульную перамогу»
Фонд Талая любіць падкрэсліваць, што збірае дапамогу для мірнага насельніцтва, якое пакутуе праз вайну. Але адзін з галоўных актывістаў вырашыў пахваліцца тым, што сабраныя грошы перадаюць расійскім вайскоўцам.
Беларускі спартсмен-гіравік Яўген Назарэвіч — адзін з паплечнікаў Аляксея Талая і актывіст ягонага фонду. Перыядычна ён ездзіць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны, а ў вольны час удзельнічае ў прапагандысцкіх мерапрыемствах у беларускіх школах і каледжах.
Яўген ездзіць дастаўляць «гуманітарную дапамогу» з Беларусі ва акупаваную частку Украіны, а таксама расійскія гарады, якія знаходзяцца блізка да зоны баявых дзеянняў. Звычайна ў тэлеграм-канале «Беларусь з Данбасам», які, верагодна, таксама вядзе Яўген, пішуць, што на ахвяраваныя беларусамі грошы набылі сокі для дзяцей ці лядоўню ў бальніцу.
Сёння спартсмен-актывіст пахваліўся ў інстаграме дыпломам ад камандзіра вайсковай часці 04185, палкоўніка Гарадзецкага. Вось за што дзякуюць беларусу расійскія вайскоўцы: «Камандаванне і асабовы склад 34-й асобнай мотастралковай брыгады (горнай) выказвае вам удзячнасць і шчырую падзяку за аказаную маральную падтрымку і матэрыяльную дапамогу, прызначаную для выканання пастаўленых задач у зоне спецыяльнай ваеннай аперацыі! Ваш уклад у нашу агульную перамогу вельмі важны! Наша сіла ў адзінстве!»
Відэа з дыпломам Яўген падпісаў так: «Беражы вас Гасподзь, браты».
Каментары