СМІ даведаліся пра гібель пераемніка Насралы пасля чарговага ўдару Ізраіля
Пасля гібелі Хасана Насралы лідарам «Хезбалы» быў абвешчаны яго стрыечны брат Сафі ад-Дзін. Паводле звестак Al Arabiya, Сафі Ад-Дзін быў забіты ўдарам ВПС Ізраіля.
Сувязь з Хашэмам Сафі Ад-Дзінам, які прыходзіцца стрыечным братам загінуламу генсаку «Хезбалы» Насрале і называўся яго верагодным пераемнікам, страчаная з пятніцы, калі ВПС Ізраіля нанеслі ўдары па паўднёвай ускраіне Бейрута, распавялі крыніцы Reuters у ліванскіх сілах бяспекі.
Al Arabiya са спасылкай на крыніцы піша, што Сафі Ад-Дзін загінуў пасля ўдару па бункеры ў паўднёвым прыгарадзе Бейрута, дзе ён знаходзіўся са сваімі памочнікамі, іранцамі і палявымі камандзірамі «Хезбалы».
Раней пра тое, што мэтай ізраільскага авіяўдару па Бейруце 4 кастрычніка быў менавіта Сафі Ад-Дзін, паведамляў журналіст Axios Барак Равід са спасылкай на двух ізраільскіх чыноўнікаў.
Каментары