Бізнэсовец з топ-200 расказаў, за што сядзеў і чаму не пагадзіўся на памілаванне
«Шукай грошы, пераводзь на афіцыйны рахунак».
Валерый Астрынскі — прадпрымальнік, венчурны інвестар, экс-старшыня праўлення супольнасці інвестараў Angels Band (ліквідавана ў ліпені 2024 года). У 2019 годзе ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей краіны па версіі «Ежедневніка». У тым жа 2019-м на яго завялі крымінальную справу і абвінавацілі ў недаплаце падаткаў. У 2021-м Валерыя асудзілі на два з паловай года «хатняй хіміі». Пасля адбыцця тэрміну ён з'ехаў за мяжу.
Падрабязнасцямі справы супраць яго бізнэсмен падзяліўся ў новым выпуску ютуб-канала «Жыццё-маліна».
Астрынскі адзначае, што яго абвінавацілі ў недаплаце падаткаў за 2010—2012 гады. Як патлумачыў мужчына, у тыя гады было амаль немагчыма весці бізнэс без замежных кампаній, бо ўмовы на валютным рынку стваралі праблемы з разлікамі. Таму прадпрымальнікі працавалі праз свае замежныя кампаніі, каб заключаць кантракты з буйнымі заводамі і весці міжнародныя фінансавыя аперацыі.
Астрынскі меў у структуры бізнэсу эстонскія кампаніі. Яны набывалі тавар у Кітаі і затым пастаўлялі яго ў Беларусь з нацэнкай. Эстонскія кампаніі плацілі падаткі ў сваёй краіне, а беларускія — у Беларусі. Аднак беларускія сілавікі палічылі, што кампаніі Астрынскага недаплацілі падаткі.
«У іх выпрацаваны алгарытм. Каб чалавек быў згаворлівы, трэба ў канторы затрымаць заснавальніка. (…) І пажадана яшчэ яго калег. (…) Яны гавораць: «Вось у цябе былі такія абароты, мы лічым, што ты не даплаціў вось такую суму. Шукай грошы, пераводзь на афіцыйны рахунак. І мы пачынаем адпускаць людзей, адкрываць рахункі (здымаць арышт з рахункаў. — НН).
Памятаючы папярэднія кейсы (у мяне быў кароткі досвед — суткі на Акрэсціна, двое — у амерыканцы), я прыняў рашэнне: чым нешта даказваць, пагаджаюся і плачу», — расказвае мужчына.
У выніку Астрынскі выплаціў дзяржаве паўтара мільёна даляраў. Але крымінальную справу пасля гэтага не закрылі.
«Каб увогуле быць свабодным чалавекам без крымінальнай справы, трэба пагадзіцца з усімі абвінавачваннямі, заплаціць шкоду і потым напісаць на камісію [па памілаванні]. Камісія табе выстаўляе мультыплікатар. І ты плаціш па ім — гэта яшчэ «ікс два» (сума ў двухразовым памеры. — НН)».
Прадпрымальнік сказаў, што больш плаціць не можа і не будзе. Справа была накіраваная ў суд. У выніку яму прысудзілі два з паловай года «хатняй хіміі», якую ён адбыў у роднай вёсцы ў Іўеўскім раёне.
«Я ашчадзіў грошы, атрымаў багаты вясковы досвед», — заўважае бізнэсмен.
Змяніў пентхаус на хутар. Як вядомы бізнэс-анёл, што быў у топ-200 самых уплывовых людзей у краіне, адбывае «хімію»
Бізнэсмена з топ-200 самых уплывовых у краіне асудзілі на 2,5 года хатняй хіміі і забаранілі 5 гадоў займацца прадпрымальніцтвам
Інвестара Валерыя Астрынскага затрымалі з-за сцяга з Пагоняй на хутары
Каментары