Хілары Клінтан напісала новую кнігу, у якой згадала пра Беларусь і Ціханоўскую
Вядомы палітык і грамадская дзяячка, жонка былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана, дзяржаўны сакратар ЗША і кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду ў 2016 годзе Хілары Клінтан напісала новую кнігу: «Нешта страчана, нешта здабыта» (Something Lost, Something Gained). У ёй ёсць раздзелы пра вайну ў Афганістане, барацьбу з расавай несправядлівасцю, Пуціна і іншае. У кнізе прысутнічае таксама тэма Беларусі. Што Гілары Клінтан напісала пра Беларусь, адшукала «Радыё Свабода».
Пра Сяргея і Святлану Ціханоўскіх
Хілары Клінтан згадвае ў кнізе, што ў 2020 годзе з ростам падтрымкі Святланы Ціханоўскай у Беларусі рэжым Лукашэнкі сур'ёзна заняўся фальсіфікацыяй выбараў.
«У выніку ён абвясціў сябе пераможцам, які набраў 80% галасоў. Незалежныя назіральнікі сцвярджаюць, што сапраўднай пераможцай стала Святлана, але яна была вымушаная з'ехаць, а яе мужа асудзілі амаль на 20 гадоў турмы. Пратэстоўцы запоўнілі вуліцы, пасля чаго іх чакалі брутальны разгон і масавыя арышты».
Далей аўтарка піша, што ў 2020 годзе, калі Сяргей Ціханоўскі рыхтаваўся балатавацца ў прэзідэнты, яго арыштавалі і трымаюць у рэжыме інкамунікада. Не здолеўшы нават параіцца з мужам, Святлана прыняла рашэнне вылучыцца ў прэзідэнты замест яго. Яна не думала ў той час, што гэта будзе нешта большае, чым дэманстрацыя кахання да Сяргея.
Клінтан лічыць, што Лукашэнка тады недаацаніў Святлану, не стаў на выбарах блакаваць яе кандыдатуру, а яна аб'ядналася з дзвюма іншымі жанчынамі-лідаркамі, Веранікай Цапкалай і Марыяй Калеснікавай, каб мабілізаваць адзіную апазіцыйную сілу. Усё гэта Святлана рабіла, будучы адзінокай маці двух малых дзяцей.
«На ўсеагульнае здзіўленне, беларусы адгукнуліся з энтузіязмам. Яны смела далучыліся да мітынгаў і пратэстаў, якія ў іх краіне рэдкія і небяспечныя, бо Беларусь кіруецца жалезнай рукой», — піша далей аўтарка.
Клінтан піша, што зараз Ціханоўская заклікае лідараў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за ягоныя злачынствы і падтрымаць свабоду ў Беларусі.
«Святлана адмовілася знікнуць у нябыт. Цяпер яна ездзіць па свеце, заклікаючы лідараў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за ягоныя злачынствы і падтрымаць свабоду ў Беларусі. Яна каардынуе дэмакратычны рух у краіне і робіць усё магчымае, каб прыцягнуць увагу да лёсу шматлікіх палітвязняў, у тым ліку і свайго мужа».
«Яна не кантактавалася з ім і не ведае, жывы ён ці мёртвы. Беларускі рэжым адхіляе просьбы Міжнароднага Чырвонага Крыжа наведаць яго і іншых зняволеных, арыштаваных за арганізацыю палітычных пратэстаў».
Пра Навальную і Ціханоўскую
«У Мюнхене, калі Юлія перажывала вестку пра смерць Навальнага, яна тулілася яшчэ да адной жанчыны, якая нечакана трапіла ў поле зроку: беларускі Святланы Ціханоўскай. Святлана лічыць сябе «выпадковым палітыкам». Яна ніколі не збіралася балатавацца ці стаць тварам апазіцыі ў супрацьстаянні з дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам, ключавым саюзнікам Пуціна. Грамадскім актывістам і журналістам быў муж Святланы, Сяргей Ціханоўскі, як і ў выпадку Юліі», — піша Клінтан.
Пасля сустрэчы з Юліяй Навальнай у Мюнхене Святлана Ціханоўская заявіла прэсе: «Мы зразумелі адна адну без слоў».
Ціханоўскую ў ЗША ўзнагародзілі прэміяй у галіне правоў чалавека
«Мы падтрымліваем украінскую формулу міру». Ціханоўская ў Нью-Ёрку расказала пра беларускае бачанне сітуацыі
Вашынгтон пачаў абмяркоўваць абмен Навальнага на афіцэра спецслужб Красікава з падачы Хілары Клінтан
Ціханоўская сустрэлася з Хілары Клінтан і паказала ёй відэа з візіту ў Мінск 30 год таму
Каментары
што? журналістам?) Рэд., ваш калега)
і як даўно ён тым актывістам-журналістам стаў?
"В марте 2019-го неожиданно начал вести ютьюб-канал о проблемах Белоруссии "Страна для жизни"."
ключавое слова - "неожиданно"