У Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны лічаць, што тысячы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў пачнуць ваяваць за РФ ужо ў лістападзе. Сеул бачыць у адпраўцы Пхеньянам войскаў у Расію сур'ёзную пагрозу для бяспекі ўсёй міжнароднай супольнасці.
Паводле звестак украінскай разведкі, ва ўсходніх рэгіёнах Расіі для ўдзелу ў вайне ва Украіне праходзяць падрыхтоўку каля 11 тысяч паўночнакарэйскіх салдат. Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў выданню The War Zone у чацвер, 17 кастрычніка, што яны будуць гатовыя прымаць удзел у баявых дзеяннях ужо з 1 лістапада, піша Deutsche Welle.
Па словах Буданава, пяхотныя войскі з КНДР будуць выкарыстоўваць расійскую тэхніку і боепрыпасы. Першае падраздзяленне з 2600 салдат, як чакаецца, будзе накіравана ў Курскую вобласць. Куды адправяцца астатнія паўночнакарэйскія войскі, пакуль не вядома. «Зараз у нас няма поўнай карціны», — прыводзіць The War Zone словы кіраўніка ГУР.
Раней у той жа дзень прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў на прэс-канферэнцыі ў Бруселі, што ў агульнай колькасці КНДР плануе адправіць для ўдзелу ў вайне супраць Украіны 10 тысяч сваіх салдат з розных відаў войскаў.
У Сеуле згодныя з тым, што нейкая колькасць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў знаходзіцца ў Расіі і ўдзельнічае ў вайне ва Украіне, аднак чыноўнікі Паўднёвай Карэі не даюць дакладнага адказу пра характар і маштабы такога разгортвання.
18 кастрычніка прэзідэнт краіны Юн Сук Ёль правёў экстранную сустрэчу па пытаннях бяспекі з ключавымі прадстаўнікамі разведкі, арміі і нацыянальнай бяспекі, на якой абмяркоўвалася ўдзел паўночнакарэйскіх войскаў у вайне.
У заяве прэзідэнцкай канцылярыі ўказваецца, што адпраўка Паўночнай Карэяй войскаў у Расію ўяўляе сабой сур'ёзную пагрозу бяспецы не толькі для Паўднёвай Карэі, але і для ўсёй міжнароднай супольнасці, і Сеул «адкажа на гэты крок усімі даступнымі сродкамі».
Каментары