Свет66

Нашто Кіму лезці ва Украіну і чаму за гэтым можа стаяць Кітай?

Што можа стаяць за адпраўкай паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у далёкую Украіну і ці можа гэта аказацца часткай больш маштабнага плану трэцяга боку? «Наша Ніва» распытала пра гэта гісторыка і палітычнага аналітыка Аляксандра Фрыдмана.

Лідар КНДР Кім Чэн Ын назірае за вучэннямі Карэйскай народнай арміі (КНА). Фота: Korean Central News Agency/Korea News Service via AP

«Наша Ніва»: Якая выгада можа быць для Кім Чэн Ына ва ўдзеле ў вайне ва Украіне на баку Расіі? Навошта яму адпраўляць сваіх салдат так далёка? 

Аляксандр Фрыдман: Логіка Кім Чэн Ына зразумелая — ён зацікаўлены ў тым, каб аслабіць велізарную залежнасць ад Кітая. Ён хоча атрымліваць тэхналогіі, інвестыцыі, ён хоча асабіста атрымаць нешта фінансавае, матэрыяльнае. Акрамя таго, яго цікавіць мадэрнізацыя паўночнакарэйскай арміі. І не ў апошнюю чаргу, а можа і галоўнае — ён прагне дапамогі ў развіцці ўласнай ядзернай праграмы, якую можа даць Расія.

Расія мае што прапанаваць Паўночнай Карэі, і тут узнікае пытанне такое: а што тут асабліва можа прапанаваць Паўночная Карэя? Ну добра, яна адпраўляе сваю зброю, хоць тая і не асабліва якасная, але яна, тым не менш, выкарыстоўваецца Расіяй. Ну і, вядома, уласных салдат адпраўляе. Іншых каштоўных для Крамля рэсурсаў у КНДР няма.

Вось таму і была заключана гэтая здзелка, каб накіраваць ва Украіну салдат, якіх Пуцін зможа выкарыстоўваць як «гарматнае мяса», якое, напэўна, таннейшае за тых жа расійскіх вайскоўцаў. І гэта Крамлю ўдалося арганізаваць прасцей, чым, магчыма, узяць салдат з Беларусі.

Раз так патрэбныя вайскоўцы, Крэмль мог узяць і беларускую армію. Аднак карэйскі варыянт, напэўна, аказаўся для яго больш прывабным з матэрыяльнага і прапагандысцкага пунктаў гледжання, асабліва з-за таго, што будзе траціцца менш уласных рэсурсаў. 

Але ўсё гэта пакуль толькі тэорыі і гіпотэзы.

Уладзімір Пуцін з паўночнакарэйскім лідарам Кім Чэн Ынам падчас візіту ў КНДР у чэрвені 2024 года. Фота: Korean Central News Agency / Korea News Service via AP

«НН»: Паводле даных украінскай і паўднёвакарэйскай разведак, Кім Чэн Ын адпраўляе ва Украіну больш за 10 тысяч паўночнакарэйскіх байцоў, уключаючы спецназ і пілотаў. Скажыце, на вашу думку, ці можа Кім Чэн Ын тым самым рыхтавацца да паходу на Паўднёвую Карэю, даючы свайму войску сапраўдны баявы досвед?

АФ: Кіму сапраўды патрэбная мадэрнізацыя арміі, але супрацоўніцтва з Кітаем у гэтым кірунку абмежаванае. Кітайцы ўвогуле досыць асцярожна супрацоўнічаюць з гэтым рэжымам.

А з Расіяй Паўночная Карэя зможа атрымліваць ваенны досвед для сваіх салдат, хоць тут для рэжыму Кіма і існуе пэўная рызыка, датычная іх магчымых паводзін на фронце — некаторыя могуць здацца ў палон альбо мэтанакіравана перабегчы на іншы бок. 

Украіна ўжо пачала рыхтавацца да падобных сцэнараў. І да яе тут, магчыма, падключацца спецыялісты з Паўднёвай Карэі, якія лепш ведаюць спецыфіку працы з паўночнакарэйцамі.

Скрыншот з відэа, на якім, як сцвярджаецца, паўночнакарэйскія салдаты атрымліваюць расійскі рыштунак. Крыніца: Украінскі цэнтр стратэгічных камунікацый

А што тычыцца розных ваенных планаў Кім Чэн Ына, то я не думаю, што ён прагне весці новую вайну на Карэйскім паўвостраве. Ён больш зацікаўлены ў тым, каб стабілізаваць уласны рэжым, і таму шукае крыніцы фінансаў і забеспячэння ўласнай моцы.

Вядома, не варта скідаць з рахункаў Расію, якая можа быць зацікаўленая ў павышэнні ўзроўню эскалацыі на Карэйскім паўвостраве, каб адцягнуць увагу Злучаных Штатаў ад Украіны. У гэтым сэнсе могуць быць нейкія правакацыі, але я не думаю, што там будзе нешта сур'ёзнае.

«НН»: Каментуючы адпраўку ва Украіну паўночнакарэйскіх пілотаў, вы ў сваім тэлеграм-канале выказалі меркаванне, што гэта, хутчэй за ўсё, не магло адбыцца без згоды Кітая. Чаму Кіму, на вашу думку, патрэбная згода Пекіна, калі ён хоча аслабіць залежнасць ад Кітая? 

АФ: КНДР эканамічна і палітычна вельмі залежная ад Кітая. Фактычна, на гэты момант, Кітай для Паўночнай Карэі — гэта акно ў свет. Але кітайская палітыка асцярожная да рэжыму Кіма ў тым сэнсе, што супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй не павінна парушаць розныя міжнародныя санкцыі. Кітайцы дзеля сваёй жа эканамічнай карысці пільна сочаць за пытаннем санкцый. Яшчэ яны дакладна ведаюць, што Кім — вельмі складаны для іх партнёр.

Гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман. Фота: «Наша Ніва»

Кітай здольны перакрыць кісларод Паўночнай Карэі і далёка не заўсёды задавальняе пажаданні Кіма. Мне цяжка ўявіць, што Паўночная Карэя можа пайсці на такое актыўнае супрацоўніцтва з Расіяй, нават дасылаць сваіх пілотаў, без таго, каб Кітай пра гэта не ведаў і не пагадзіўся. Калі б кітайцы заявілі, што ім гэта не падабаецца, Кім не стаў бы рызыкаваць.

Прывяду аналогію. Вось Лукашэнка вырашыў, што пашле свае войскі, напрыклад, у Азербайджан, і пры гэтым не пытае ніякага дазволу і меркавання Расіі. Як бы тая адрэагавала? Цяжка такі сцэнар уявіць, улічваючы моцную залежнасць Лукашэнкі ад Масквы. І паміж Кітаем і КНДР існуе такая ж сувязь.

Кім Чэн Ын на сустрэчы з кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам, 2018 год. Фота: Korea News Service via AP

Пры гэтым цікава зусім іншае. Фактар гэтага кітайскага ўплыву пакуль ніяк афіцыйна не каментуецца ні Злучанымі Штатамі, ні Паўднёвай Карэяй. Ніхто не кажа ў пытанні адпраўкі паўночнакарэйскіх войскаў ва Украіну, што КНДР — залежны ад Кітая сатэліт, і што на гэта трэба звярнуць больш увагі.

Пакуль ніхто так не абвінавачвае Кітай. Магчыма, ёсць некія сакрэтныя перамовы, дзе заходнія краіны кажуць: «Кітай, пастаўце Кіма на месца, інакш узнікнуць праблемы».

«НН»: Ці мог Пекін мэтанакіравана даць дазвол Кіму, каб падоўжыць вайну ва Украіне, павялічыць напружанасць на Карэйскім паўвостраве і тым самым адцягнуць увагу Захаду ад кітайскіх планаў уварвання на Тайвань?

АФ: У прынцыпе, гэта была б разумная тактыка і стратэгія з боку Кітая, бо гэта дазваляе яму накіроўваць іншыя сілы для вырашэння ўласных праблем. Сатэлітаў, у гэтым сэнсе, канечне, можна выкарыстоўваць, у тым ліку для павышэння напружанасці на Карэйскім паўвостраве. Аднак гэтыя скокі напружанасці адбываліся там рэгулярна і пакуль не прыводзілі да сур’ёзных канфліктаў.

А па Украіне ў Кітая дваістая пазіцыя: з аднаго боку, няма адкрытай кітайскай вайсковай дапамогі Расіі, а з другога, Кітай на гэтай вайне нажываецца і не хоча, каб Расія яе прайграла. У гэтым сэнсе, чаму б не выкарыстаць паўночнакарэйскія рэсурсы, каб дапамагчы Расіі? Мне падаецца, што Кітай як мінімум не супраць гэтага. 

Таксама магчыма, што тым самым Кітай павышае стаўкі.

«НН»: Калі аб'ядноўваюцца такія сілы, як КНДР, Расія і Іран, Захад звычайна адказвае дыпламатычна, не хочучы іх правакаваць. Ці правільны гэта, на вашу думку, падыход?

АФ: Я думаю, трэба размаўляць з супернікамі той мовай, якую яны разумеюць. Бо крокі адміністрацыі Байдэна, што ідуць пад лозунгам «дээскалацыя», успрымаюцца як слабасць.

Калі крокі ўспрымаюцца як слабасць, гэта толькі падштурхоўвае да больш рашучых дзеянняў з боку Расіі і, магчыма, Кітая. Захад не хоча вайны, але мне падаецца, што пакуль ад Захаду не было дакладнага сігналу ні Кітаю, ні Расіі, што яны павінны спыніцца, інакш усё можа зайсці ў радыкальны і непрыемны кірунак.

Гэтае жаданне дээскалацыі грае контрпрадуктыўную ролю, бо вайна ва Украіне працягваецца, і няма ніякай ахвоты з боку Расіі заключыць мір. І значнага ціску з боку Кітая на Расію мы таксама не бачым. Так што гэтая мяккая стратэгія Захаду пакуль асабліва нічога не прынесла.

Наступнай амерыканскай адміністрацыі, хто б гэта ні быў, варта будзе перагледзець гэтую стратэгію, бо пакуль усё развіваецца не на карысць Захаду.

Каментары6

  • Адзік
    29.10.2024
    Фрыдман добры эксперт па Кітаю. Яшчэ мне падабаецца аналітыка Шрайбмана. Пачытваю таксама Прэйгермана.
  • Куркуль
    29.10.2024
    Адзік, ты яшчэ Чалага з Азаронкам пачытай. Табе безумоўна спадабаюцца і яны.
  • .
    29.10.2024
    Апасаюся камбінацый з ўдзелам паўночных карэйцаў у Беларусі.
    У традыцыях імперый выкарыстоўваць абарыгенаў з адной перыферыі на іншай перыферыі. І ў гібрыдных аперацыях апошніх гадоў з "іхтамнетамі" і размазанай адказнасцю.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»29

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»29

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →