З 1 студзеня пенсіянеры, якія працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію
Такі ўказ падпісаў Лукашэнка.
Указ аб сацыяльнай падтрымцы прадугледжвае адмену абмежавання на памер пенсіі пенсіянерам, якія працуюць. Цяпер пенсіянерам, якія працягваюць працаваць, пенсію недаплачваюць.
Акрамя таго, указ зніжае страхавы стаж з 10 да 5 гадоў для маці, якія нарадзілі і выхавалі 4 і больш дзяцей. Дадатковыя гарантыі па прызначэнні датэрміновай пенсіі (на 5 гадоў раней) атрымаюць бацькі дзяцей-інвалідаў, якія выхоўваюць дзіця без удзелу маці.
Для дзяцей-інвалідаў прадугледжана павышэнне пенсіі ў выпадку смерці аднаго з бацькоў. Памер такога павышэння будзе залежаць ад ступені страты здароўя дзіцяці.
Указам таксама спрашчаецца працэдура збору дакументаў аб заробку для разлічвання пенсіі, аптымізуюцца тэрміны падачы заявы аб прызначэнні пенсіі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Некаторыя пенсіянеры (з асаблівасцямі здароўя, якія жывуць з інвалідам I групы або даглядаюць дзіця-інваліда) змогуць і далей атрымліваць пенсіі на пошце. Такая магчымасць даецца і ўсім астатнім пенсіянерам, але за дадатковую камісію.
Асноўныя палажэнні ўказа ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2025 года.
Каментары