Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў
За месяц грузавыя чэргі на мяжы з краінамі ЕС скараціліся ў некалькі разоў. Але адбываецца гэта не праз тое, што грузы пачалі афармляць хутчэй.
Пазітыўныя лічбы, якія не радуюць
Па стане на 1 кастрычніка, выезду з Беларусі ў суседнія краіны ЕС чакалі больш за 2700 грузавікоў. Найбольшае скапленне было на мяжы з Польшчай — 900—950 фур. На літоўскім кірунку — 700 у «Каменным Лозе» і 650 у «Беняконях». Выезду ў Латвію чакалі 425 грузавікоў.
За месяц сітуацыя з чэргамі кардынальна змянілася. 1 лістапада выезду з Беларусі ў ЕС чакала ўсяго 640 грузавікоў, супраць 2700 месяц таму.
Найбольшае скапленне на латвійскім кірунку — 260 фур, на мяжы з Літвой у «Беняконях» стаяла 240 грузавікоў, у «Каменным Лозе» — 150.
На мяжы з Польшчай чаргі з грузавікоў няма з сярэдзіны месяца.
Чаму так адбываецца?
На скарачэнне чэргаў на мяжы з ЕС паўплывалі як санкцыі ЕС, так і контрсанкцыі, уведзеныя беларускім бокам.
Новы пакет санкцый ад Еўрасаюза быў прыняты яшчэ 29 чэрвеня 2024 года, але, за некаторымі выключэннямі, абавязкі па кантрактах, заключаных да 1 ліпеня 2024 года, маглі выконвацца да 2 кастрычніка 2024 года.
Праз гэта імпарцёры намагаліся ўвезці ў краіну як мага больш тавараў падчас пераходнага перыяду. Калі санкцыі запрацавалі напоўніцу, спіс дазволеных тавараў скараціўся, што прывяло да зніжэння тавараабароту і адпаведна чэргаў на мяжы.
Яны паступова змяншаліся па меры таго, як фуры, якія прыехалі да 1 кастрычніка, выгружаліся і вярталіся ў ЕС.
Але на еўрапейскіх санкцыях абмежаванні не скончыліся. У адказ на абмежаванні з боку Еўрасаюза Беларусь увяла контрсанкцыі, забараніўшы ўвоз у нашу краіну шэрагу тавараў з «несяброўскіх» краін.
Гэтыя абмежаванні запрацавалі з 15 кастрычніка 2024 года. У спіс трапілі як пазіцыі, якія і без контрсанкцый нельга было вывозіць з ЕС у Беларусь, так і новыя. Напрыклад, сумкі і валізкі, папера, падгузнікі і пялёнкі.
Ці трапляе санкцыёнка ў Беларусь?
Як і ў папярэднія часы, значную частку санкцый пры жаданні можна абыйсці. Асабліва, калі гэта абмежаванні знешнія, а не ўнутрыбеларускія.
Тым не менш, кожныя рухі па абыходзе санкцый уплываюць на канчатковы кошт тавару.
Пазіцыі, якія цяпер нельга наўпрост завозіць з ЕС у Беларусь, цяпер дастаўляюць у нашу краіну альтэрнатыўным шляхам — часцей за ўсё праз Турцыю.
Праз гэта, па словах імпарцёраў, сабекошт санкцыённых тавараў з Еўропы вырас на 10-20% у залежнасці ад канкрэтных пазіцый.
Прычым, як адзначаюць бізнэсмены, цяпер менавіта Беларусь, а не Расія больш адчувае на сабе ўплыў ад гэтых санкцый, бо калі дастаўка ажыццяўляецца паўднёвым шляхам, груз спачатку трапляе ў Расію. У выніку атрымліваецца, што даставіць санкцыёнку ў Маскву крыху танней, чым у Гродна ці Брэст, якія знаходзяцца побач з краінамі ЕС. А Краснадарскі край дык наогул цяпер нашмат бліжэй для дастаўкі тавараў з ЕС, чым Беларусь.
Што кажуць перавозчыкі
Уплыў ад новых санкцый адчуваюць на сабе таксама і перавозчыкі. Праз тое, што дастаўляць з ЕС у Беларусь цяпер мала што дазволена, фуры часам даводзіцца адпраўляць загружанымі толькі напалову. Такім чынам тарыф на дастаўку грузаў з Еўропы ў Беларусь падае, але ёсць нюанс.
Бізнэсмен, які займаецца імпартам тавараў з Польшчы, падзяліўся назіраннямі, што калі замаўляеш дастаўку праз лагістаў, то тарыфы агучваюць тыя самыя, што і 2-3 месяцы раней, калі сітуацыя была іншая.
«Але калі дамаўляцца наўпрост з кампаніямі перавозчыкамі, то стаўкі за фрахт ужо пайшлі ўніз на 20-30%. Выглядае, што лагісты проста спрабуюць трымаць той самы тарыф для грузаадпраўляльнікаў і адначасова паніжаць для перавозчыкаў, каб самім зарабляць больш», — дзеліцца назіраннямі імпарцёр.
Стаўкі ўпалі, але не для канчатковага пакупніка
Падобную сітуацыю са стаўкамі на дастаўку можна назіраць і ў аўтамабільнай галіне, калі кампаніі-пасярэднікі працягваюць агучваць сваім кліентам ранейшыя расцэнкі.
«У іх усё стабільна, якія былі для кліентаў цэны, такія і засталіся, хоць самі яны за перавозку даўно ўжо нам плацяць менш, чым было на піку, калі ўсе машыны ехалі праз Беларусь. Напрыклад, вясной нам кампаніі-пасярэднікі плацілі па 800-900 еўра за дастаўку з Клайпеды ў Мінск, а цяпер плацяць па 500-600 еўра.
Пры гэтым, калі паглядзець тарыфы на сайтах, па якіх яны дастаўляюць аўто кліентам, то там нічога не змянілася», — тлумачыць перавозчык.
Што ў выніку?
Праз новыя абмежаванні частка тавараў на прылаўках падаражэе, некаторыя цалкам знікнуць праз немэтазгоднасць дастаўляць іх альтэрнатыўнымі шляхамі або праз немагчымасць імпарту ўжо па прычыне контрсанкцый.
Непадсанкцыйныя тавары ў тэорыі могуць крыху патаннець за кошт больш таннай лагістыкі з ЕС у Беларусь. Але, як паказвае практыка, цэны растуць хутка і рэгулярна, а вось падаюць са скрыпам, нават тады, калі для гэтага ёсць перадумовы.
Уплываць на эканоміку Беларусі будзе таксама тое, што ў краіне застанецца нашмат менш кампаній і людзей, якія дзякуючы санкцыйнаму дыспарытэту паміж Беларуссю і Расіяй маглі зарабляць часам даволі вялікія грошы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬШто ў беларускай эканоміцы добра, а што можа выбухнуць? Адказвае эканаміст
Цэнтрабанк Расіі павысіў ключавую стаўку да рэкордных 21%. Як гэта закране Беларусь?
Снапкоў пахваліўся, што беларусы цяпер зарабляюць рэкордна шмат. Падлічылі, як змяніліся заробкі беларусаў за 10 гадоў з улікам інфляцыі даляра
Каментары