Суд адклаў вынясенне прысуду Трампу па справе аб грошах порназорцы за маўчанне
Суддзя па крымінальнай справе Дональда Трампа аб выплатах за маўчанне ў пятніцу пастанавіў адкласці вынясенне прысуду на нявызначаны тэрмін. Трамп, які рыхтуецца вярнуцца ў Белы дом, відавочна здабыў юрыдычную перамогу, піша Радыё Свабода.
У маі гэтага года Трамп быў прызнаны вінаватым па 34 пунктах цяжкага злачынства. Прысяжныя ўстанавілі, што ён ашуканскім шляхам змяняў дзелавыя запісы, спрабуючы схаваць магчымыя сэксуальныя сувязі з порнаакторкай Стормі Дэніелс перад выбарамі 2016 года.
Пракуроры сцвярджалі, што хаванне гэтай сувязі павінна было дапамагчы Трампу выйграць на яго першых выбарах у Белы дом.
Паколькі вынясенне прысуду Трампу было прызначана на 26 лістапада, абраны прэзідэнт, хутчэй за ўсё, не мае іншых шляхоў, акрамя як змагацца з любой спробай агалошвання прысуду да інаўгурацыі 20 студзеня наступнага года.
Амерыканскі тэлеканал ABC News звяртае ўвагу на тое, што суд у Нью-Ёрку, прыпыніўшы вынясенне прысуду Трампу, дазволіў абароне падаць хадайніцтва аб спыненні справы.
Год таму ў гэтым судзе Трампу выставілі абвінавачванні ў фальсіфікацыі дакументаў, а ў маі яго прызналі вінаватым па 34 крымінальных артыкулах, звязаных з выплатамі грошай порнаактрысе Стормі Дэніелс за яе маўчанне. Прысуд па гэтай справе чакаўся яшчэ ў ліпені, але яго вынясенне было адкладзена, а пасля перамогі Трампа на выбарах яго адвакаты сталі змагацца за спыненне справы на падставе таго, што дзейны прэзідэнт павінен мець імунітэт ад судовага пераследу.
Пракуроры ў адказ заявілі, што Трампа судзяць за прыватныя паводзіны, але ў той жа час выказалі гатоўнасць адкласці вынясенне прысуду да заканчэння яго прэзідэнцкага тэрміну ў пачатку 2029 года.
Каментары