Белы дом афіцыйна прызнаў, што дазволіў Украіне наносіць удары ў глыбіню Расіі
«Цяпер ва ўкраінцаў ёсць магчымасць выкарыстоўваць ATACMS для самаабароны», — сказаў Джон Кірбі.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША ўпершыню афіцыйна пацвердзіла, што зняла абмежаванні для Украіны ў выкарыстанні амерыканскіх балістычных ракет ATACMS для ўдараў па тэрыторыі Расіі. Каардынатар па стратэгічных камунікацыях Белага дома Джон Кірбі заявіў пра гэта на брыфінгу ў панядзелак, піша Расійская служба Радыё Свабода.
«Цяпер у іх [украінцаў. — РС] ёсць магчымасць выкарыстоўваць ATACMS для самаабароны ў выпадку неадкладнай неабходнасці. І цяпер гэта адбываецца побач з Курскам і Курскай вобласцю», — сказаў ён.
Навіны пра тое, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн зняў забарону Украіне наносіць удары ракетамі большай дальнасці па цэлях на расійскай тэрыторыі, з'явіліся ў СМІ 17 лістапада — пра гэта напісалі The New York Times і Reuters са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе. Аднак публічнага пацвярджэння гэтай інфармацыі раней не было.
Мінабароны Расіі паведаміла аб нанясенні УСУ ў ноч на 19 лістапада ўдару па аб'екце ў Бранскай вобласці шасцю ATACMS. Масква заявіла, што будзе разглядаць дазвол Белага дома як прамы канфлікт з краінамі Захаду.
20 лістапада Украіна, верагодна, прымяніла ракеты Storm Shadow для ўдару па санаторыі Адміністрацыі прэзідэнта ў Мар'іным Курскай вобласці. Тады, паводле розных крыніц, быў паражаны камандны бункер, які знаходзіўся пад санаторыем.
Без ухвалення Вашынгтона і пастаўленых амерыканцамі даных Украіна не магла б атакаваць цэлі ў Расіі французскімі і брытанскімі крылатымі ракетамі. Лондан і Парыж паслядоўна выступаюць за права Украіны атакаваць любыя ваенныя цэлі ў Расіі ў логіцы самаабароны.
Каментары