Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне
Беларускі расследавальніцкі цэнтр знайшоў ланцужкі кампаній, звязаных з атачэннем Лукашэнкі, праз якія вядуцца пастаўкі падсанкцыйнай прадукцыі.
Як сцвярджаюць журналісты Беларускага расследвальніцкага цэнтра ў сваім новым расследаванні, з верасня 2022-га па чэрвень 2024-га года беларускія кампаніі прадалі расійскім прадпрыемствам мікрасхем на $125 мільёнаў, з іх амаль на $400 тысяч — заходняй вытворчасці, на пастаўкі якіх у Беларусь і Расію накладзена забарона.
З дапамогай «Кіберпартызан» журналісты БЦР змаглі высветліць, якія беларускія кампаніі займаліся закупкай і перапродажам у Расію падсанкцыйных мікрасхем, што выкарыстоўваюцца ў вытворчасці розных відаў ваеннай прадукцыі — пачынаючы ад авіябомбаў і заканчваючы знішчальнікамі.
Лагістыка і мытная ачыстка
У матэрыяле журналісты звяртаюць увагу на дзве кампаніі — ТАА «Алексвіт лтд» і «Лагістычная кампанія Усход».
Першай валодае Сяргей Барысюк, які раней займаў пасаду намесніка старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі і ўзначальваў беларускую Асацыяцыю мытных прадстаўнікоў. Згодна з ранейшым расследаваннем БРЦ, кампанія «Алексвіт лтд» звязана з даўнім і бліжэйшым саратнікам Лукашэнка Віктарам Шэйманам.
У размове з журналістам БЦР, які прадставіўся заказчыкам, прадстаўніца кампаніі не адмаўляла магчымасці пастаўкі заходніх мікрасхем у Расію, але адзначыла, што яны працуюць толькі з буйнымі партыямі.
Уладальнік «Лагістычнай кампаніі Усход» Аляксей Мацвееў у 2017-2019 гадах працаваў у Беларускай тэніснай федэрацыі, якую ў той час узначальваў набліжаны да Лукашэнкі бізнэсмен Сяргей Цяцерын. Акрамя гэтага партнёрам па бізнэсе ў кашалька Лукашэнкі з'яўляецца сястра Мацвеева Таццяна.
У адрозненні ад «Алексвід лтд», «Лагістычная кампанія Усход» сама пастаўкамі не займаецца, але можа дапамагчы з мытнай ачысткай дакументаў. Кампанія выступае афіцыйным пакупніком неабходнай кліенту прадукцыі, заключае ад свайго імя імпартны кантракт. А пасля пастаўкі тавару ў Беларусь яна становіцца прадаўцом, а пакупніком ужо выступае рэальны заказчык. Пра такую схему журналістам расказала прадстаўніца «Лагістычнай кампаніі Усход».
Іншыя пастаўшчыкі
У матэрыяле БРЦ называюцца і іншыя беларускія фірмы, якія ў розны перыяд, пачынаючы з лютага 2022 года, займаліся пастаўкамі ў Расію падсанкцыйных мікрасхем.
Сярод іх: ТАА «OFS Export», якая, як сцвярджаюць журналісты, звязана з яшчэ адным кашальком Лукашэнкі — Аляксандрам Шакуціным, а таксама ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль», звязаная з былым памочнікам Віктара Лукашэнкі бізнэсменам Аляксандрам Зайцавым.
Журналісты таксама высветлілі, што ў ланцужку паставак з расійскага боку прысутнічае ТАА «Балтэлектрон», заснавальнікам якога з'яўляецца беларус Дзмітрый Савашынскі.
Кампанія «Балтэлектрон», якая знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі як пастаўшчык мікраэлектронікі двайнога прызначэння, у 2022-2023 гадах закупляла мікрасхемы ў трох беларускіх кампаній: ТАА «Чып Экспрэс», ТАА «Чыпімпарт» і ТАА «Элекрасэйл».
У матэрыяле БРЦ таксама называецца ТАА «СД Электра», якая здзяйсняла пастаўкі мікрасхем расійскай кампаніі «Грын-Чып», сярод кліентаў якой абаронныя прадпрыемствы.
У тэлефоннай размове супрацоўніца «Грын-Чып» паведаміла, што іх кампанія можа пад замову паставіць мікрасхемы з ЗША, Германіі, Малайзіі і Тайваня. Пазней журналісту перазваніў з беларускага нумару мужчына, які спаслаўся на пакінутую замову для «Грын-Чып» і паведаміў, што «ў Мінску кампанія называецца «СД Электра».
Лідар па пастаўках
У матэрыяле БРЦ сцвярджаецца, што лідарам па пастаўках заходніх мікрасхем у Расію з Беларусі з'яўляецца ТАА «Першы Кантынент», якое была створана праз два месяцы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Кампанія толькі з шэсць месяцаў 2024 года прадала ў Расію мікрасхем на $155 тысяч.
Уладальнікам «Першага Кантыненту» з'яўляецца Ілья Тарасюк, які каля 20 гадоў адпрацаваў на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу Беларусі. Сярод іх, напрыклад, «Пеленг».
Асноўным пакупніком «Першага Кантыненту» ў Расіі з'яўляецца ТАА «Стаут», якое знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Еўрасаюза.
Па выніках свайго расследавання рэдакцыя БРЦ адправіла запыты амерыканскаму Бюро прамысловасці і бяспекі (Bureau of Industry and Security) і Савету Еўропы з пытаннямі аб тым, што яны робяць для таго, каб абмежаваць доступ Беларусі і Расіі да санкцыйных тавараў, і як адсочваюць выкананне забаронаў.
Як «кашалёк» Лукашэнкі Зайцаў зарабляе на продажы люксавага адзення
Як агенты беларускага ГРУ ўкараніліся ў апазіцыю: новае расследаванне
«Мы адна сям’я». Дылеры БелАЗа, звязаныя з сынамі Лукашэнкі, зарабляюць, як сам БелАЗ
Расследавальнікі выявілі схемы дзейнасці Анатоля Тарнаўскага — мультымільянера, які працаўладкаваў Ганну Лукашэнка (Сялук)
Каментары