Сталі вядомыя дэталі абвінавачання ўкраінскага дэпутата Шаўчэнкі, які праславіўся падтрымкай Лукашэнкі
15 лістапада паводле рашэння суда народнага дэпутата Украіны Яўгена Шаўчэнку, які неаднаразова ездзіў у Мінск перад пачаткам расійскага ваеннага ўварвання, узялі пад варту. Дэпутат будзе знаходзіцца ў следчым ізалятары як мінімум да 11 студзеня 2025 года, адзначана ў судовых рашэннях, якія атрымала «Радыё Свабода». Абмежаванні могуць быць працягнутыя, калі да гэтага часу не завершыцца дасудовае расследаванне.
Крымінальную справу супраць Яўгена Шаўчэнкі завялі 11 лістапада. Яму пагражае ад 12 да 15 гадоў зняволення з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці за дзяржаўную здраду.
Справу Шаўчэнкі вядуць следчыя Дзяржаўнага бюро расследаванняў — менавіта гэтая ўстанова мае паўнамоцтвы займацца справамі, у якіх фігуруюць дзяржаўныя чыноўнікі.
Якія эпізоды згадваюцца ў справе
Як адзначаецца ў рашэнні суда аб узяцці Шаўчэнкі пад варту, дэпутат імкнуўся да «ўзмацнення ўласнага палітычнага становішча ва Украіне» і «свайго матэрыяльнага ўзбагачэння» і для гэтага не пазней за 1 верасня 2020 года пачаў дапамагаць «замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам» весці падрыўную дзейнасць супраць Украіны.
Такую дапамогу, паводле следства, ён ажыццяўляў праз сваю інфармацыйную дзейнасць, накіраваную на «прапаганду і распальванне ва ўкраінскім грамадстве антыўрадавых і прарасійскіх настрояў». Свае матэрыялы, у якіх навязвалася негатыўнае стаўленне да дзейнай украінскай улады і нейтральнае — да Расіі, ён размяшчаў у СМІ, у тым ліку беларускіх, у сацыяльных сетках і на сваім канале ў YouTube.
«У жніўні 2021 года, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, сустракаўся з прадстаўнікамі дзелавых, палітычных структур і палітычным кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь і са спасылкай на іх распаўсюджваў ідэю адсутнасці пагрозы нападу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, а таксама пераконваў беларускага прэзідэнта, што зробіць усё, каб забяспечыць мір ва Украіне», — адзначаецца ў дакуменце, які ёсць у распараджэнні «Радыё Свабода».
Пры гэтым следчыя падкрэслілі, што Яўген Шаўчэнка дакладна ведаў аб правядзенні сумесных беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі з 2021 года да 23 лютага 2022-га, «пад прыкрыццём якіх былі сфарміраваныя расійскія батальённыя і ротныя тактычныя групы і атрады спецыяльнага прызначэння», што 24 лютага 2022 года ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі з беларускай тэрыторыі.
«Разумеючы цесныя сувязі і ўзаемадзеянне РФ і РБ […], усведамляючы, што РФ выкарыстоўвае РБ і яе прадстаўнікоў для інфармацыйнай барацьбы супраць Украіны, Шаўчэнка Яўген здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на аслабленне абараназдольнасці праз выкарыстанне свайго статусу народнага дэпутата Украіны шляхам распаўсюджвання ў інфармацыйнай прасторы матэрыялаў для ўкаранення ў грамадскую думку грамадзян Украіны прарасійскіх настрояў», — гаворыцца ў дакуменце.
Сярод доказаў — фільм, паказаны ў Беларусі на тэлеканале АНТ
У матэрыялах справы як доказ фігуруе фільм «Беларусь вачыма Яўгена Шаўчэнкі», які 15 студзеня 2022 года паказалі па беларускім тэлеканале АНТ. У ім, паводле следчых, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны распаўсюджваў інфармацыю, «накіраваную на дыскрэдытацыю ўсталяванага ва Украіне палітычнага і эканамічнага ладу» і сцвярджэнне ў масавай свядомасці думкі аб адсутнасці ваеннай пагрозы для Украіны з боку Беларусі.
Пры гэтым, паводле следства, Яўген Шаўчэнка спрабаваў пераканаць украінцаў, што рашэнні ўкраінскай улады «папярэдзіць такія пагрозы» накіраваныя на тое, каб узмацніць недавер паміж украінцамі і беларусамі і выклікаць абурэнне. Дэпутат таксама называў адпаведныя дзеянні ўлады Украіны «няслушнымі, неабгрунтаванымі і эканамічна стратнымі» і выступаў за неабходнасць «аднаўлення дружбы ўкраінскага і беларускага братэрскіх народаў». Імаверна, маюцца на ўвазе ўведзеныя Украінай палітычныя і эканамічныя абмежаванні на палітычныя кантакты з Беларуссю пасля выбараў 2020 года і прымусовай пасадкі самалёта Ryanair.
У канцы кастрычніка і пачатку лістапада 2024 года на сваім YouTube-канале (цяпер ужо заблакіраваным) украінскі дэпутат размясціў яшчэ некалькі відэазапісаў. У іх ён працягваў дыскрэдытаваць украінскую ўладу, Захад, еўрапейскія каштоўнасці, заяўляў, што Захад умешваецца ва ўнутраныя справы Украіны, спрычыніў вайну і спрабуе шляхам уплыву падарваць стабільнасць у Грузіі і Малдове. Паводле Яўгена Шаўчэнкі, украінская ўлада «падпарадкоўваецца Захаду, які праводзіць каланіяльную палітыку ў дачыненні да Украіны і іншых краін», парушае права на свабоду слова і пераследуе палітычных апанентаў. Ён выступаў за вяртанне Украіны ў зону «палітычнага і эканамічнага ўплыву Расіі», каб вярнуць свае тэрыторыі.
Як на гэтыя абвінавачанні адрэагавалі Шаўчэнка і яго адвакат
Адвакат заявіў, што расцэньвае агучаныя ў судзе доказы дзяржаўнай здрады Яўгена Шаўчэнкі як спрэчныя. Паводле яго, у матэрыялах справы адсутнічаюць кантакты «прадстаўнікоў варожых краін», а таксама доказы атрымання эканамічнай выгады, на якую нібыта разлічваў дэпутат.
Сам Яўген Шаўчэнка заявіў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Украінскаму дэпутату Шаўчэнку, які падтрымліваў сувязі з Лукашэнкам, выставілі абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе
«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, які прыязджаў у Беларусь, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй
Шаўчэнка: Крэмль хацеў бы замяніць Лукашэнку, і я ведаю на каго
«Ён нам ніколі не адмаўляў». Кіраўнік украінскай разведкі прызнаўся, што Украіна працавала з Лукашэнкам праз дэпутата Шаўчэнку
Адыёзны дэпутат Вярхоўнай Рады Яўген Шаўчэнка таксама пайшоў ва ўкраінскае войска
Украінскага дэпутата, які сустракаўся з Лукашэнкам, выключылі з парламенцкай фракцыі «Слуга народа»
Каментары