Расійскі дэпутат, якога судзяць за антываенныя заявы, у апошнім слове выступіў з пакаяннем перад украінцамі. Суддзя выскачыў з залы
Падчас выступу былога муніцыпальнага дэпутата, якога абвінавачваюць у «апраўданні тэрарызму», суд перапыніў яго і абвясціў перапынак.
Пасля таго як суд пайшоў з пасяджэння, Аляксей Горынаў працягнуў чытаць апошняе слова, піша ягоная група падтрымкі, піша Медуза.
Вось невялікі ўрывак з гэтага тэксту: «Я належу да адыходзячага пакалення людзей, бацькі якіх удзельнічалі ва II Сусветнай вайне або перажылі яе з усімі нягодамі. Ужо сышло пакаленне, якое завяшчала нам усімі сіламі берагчы мір, як самае каштоўнае, што ёсць на зямлі для ўсіх яе жыхароў. А мы занядбалі яго запаветамі і абясцэнілі нашу памяць аб гэтых людзях і ахвярах той вайны.
Мая віна ў тым, што я, як грамадзянін сваёй краіны, дапусціў гэтую вайну, не змог яе спыніць. І прашу адзначыць гэта ў прысудзе. Але я хацеў бы, каб маю віну і адказнасць падзялілі са мной таксама і арганізатары, удзельнікі, прыхільнікі вайны, а таксама пераследнікі тых, хто выступае за мір.
Працягваю жыць з надзеяй, што так калі-небудзь і будзе. А пакуль прашу жыхароў Украіны і маіх суграмадзян, якія пацярпелі ад вайны, дараваць мне», — сказаў ён.
Каментары