Z-ваенкар пахвалілася, як белгарадская тэрабарона збіла са стрэльбы дрон. Аказалася, гэта быў расійскі дрон за $90 тысяч
Ваенныя каналы пішуць, што тэрабарона цяпер вінна расійскай групоўцы дрон.
Ваенкар ВГТРК Вольга Курлаева апублікавала рэпартаж пра тое, як атрад белгарадскай тэрабароны ў складзе аўтамеханіка і фермера збівае дрон з дапамогай стрэльбы і аўтамата.
У роліку відаць, як пасля некалькіх стрэлаў беспілотнік падае на зямлю з парашутам. Адзін з байцоў тэрабароны кажа, што гэта ўкраінскі дрон «Фурыя», пішуць «Осторожно, новості».
Аднак неўзабаве Курлаева выдаліла свой допіс. Аказалася, што фермер і аўтамеханік збілі не ўкраінскі, а дарагі расійскі дрон коштам больш за 90 тысяч даляраў. Беспілотнік належаў групоўцы «Поўнач» расійскага войска.
Пра гэта спачатку напісалі праваенныя блогеры, якія заявілі, што тэрабарона цяпер «тырчыць» вайскоўцам адзін дрон. Неўзабаве памылку прызнала і Курлаева, пры гэтым яна напісала: «А што ім трэба было стаяць і глядзець?».
Зараз для белгарадскага атрада правядуць інтэнсіў па ідэнтыфікацыі дронаў. А ад сваёй калегі Z-ваенкары патрабуюць публічных выбачэнняў.
Каментары