У Рэчыцы грамадзянцы Грузіі пагражаюць дэпартацыяй — за тое, што «ўважліва сачыла і рэпосціла навіны ў 2020-м»
Цыра Прыйма замужам за беларусам, у іх двое дзяцей. Цяпер сям'ю могуць раздзяліць, піша «Флагшток».
Грамадзянка Грузіі Цыра Прыйма жыве ў Рэчыцы ўжо 10 гадоў. Пра яе не раз пісалі мясцовыя дзяржаўныя выданні і сайт райвыканкама: жанчына часта прадстаўляла горад на розных спаборніцтвах па бегу.
27 лістапада Цыру судзілі за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Рашэнне суда застаецца невядомым, але як мінімум на наступны дзень жанчына была на свабодзе і абнаўляла свой інстаграм.
Неафіцыйны тэлеграм-канал рэчыцкай міліцыі цяпер пагражае жанчыне дэпартацыяй за тое, што яна «ў 2020 годзе ўважліва сачыла» за інфармацыйнымі рэсурсамі, якія потым абвясцілі «экстрэмісцкімі», і рабіла рэпосты.
Вядома, што ў той самы дзень за рэпосты судзілі і Васіля Прыйму — відавочна, мужа Цыры. Канал сілавікоў піша, што «курортны раман з беларускім бізнэсоўцам перарастаў у шлюб», які прывёў ураджэнку Батумі ў Рэчыцу.
Сужэнцы выхоўваюць дваіх дзяцей, але цяпер сям'ю могуць раздзяліць. Заканадаўства дазваляе дэпартаваць замежнікаў, якія атрымалі адміністрацыйнае пакаранне.
Каментары