Жаау Марынью Нету з Бразіліі прызналі самым старым мужчынам у свеце. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Кнігі рэкордаў Гінэса.
Нету атрымаў гэты статус пасля смерці брытанца Джона Тынісвуда 26 лістапада. Тынісвуду таксама было 112 гадоў, а Нету цяпер 112 гадоў і 52 дні. Ён апошні жывы мужчына, які нарадзіўся ў 1912 годзе. Мужчына шмат гадоў жыве ў прыбярэжным штаце Сеара, у муніцыпалітэце Апуяры.
Амаль усё жыццё Нету займаўся фермерствам. Ён аўдавеў яшчэ ў 1994 годзе, але ў яго па-ранейшаму вялікая сям’я: шасцёра дзяцей, 22 унукі, 15 праўнукаў і трое прапраўнукаў. Ён назваў сакрэтам свайго даўгалецця добрых людзей, якія яго атачаюць, і імкненне заўсёды заставацца ў коле родных і блізкіх. А таксама — дыету. Кожны дзень ён есць аўсянку, мяса і марога — афрыканскую разнавіднасць дзікага шпінату.
Паводле даных арганізацыі LongeviQuest, у пяцёрку найстарэйшых мужчын на планеце зараз уваходзяць трое жыхароў Бразіліі. Другім самым старым мужчынам пасля Нету стаў 111-гадовы Жазіну Левіну Ферэйра, а 110-гадовы Прыму Аліўеры замыкае пяцёрку. 111-гадовыя Кен Уікс з Аўстраліі і Іларыа Ароска Лемус з Мексікі займаюць трэцяе і чацвёртае месцы.
Увогуле ж найстарэйшым чалавекам свету сёння з'яўляецца Таміка Ітаока. Яна нарадзілася 23 мая 1908 года, і цяпер ёй 116 гадоў.
Каментары