Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»
Эфект ё-ё, або вяртанне страчанай вагі пасля дыеты, праблема для многіх людзей. Ён звязаны з няправільным падыходам да схуднення і тлумачыцца здольнасцю тлушчавых клетак «запамінаць» атлусценне.
Як піша Dziennik Naukowy, навукоўцы выявілі механізм, адказны за эфект ё-ё, які заключаецца ў ваганні масы цела пасля перыяду схуднення, якое пачаткова здавалася паспяховым. Назва паходзіць ад цацкі, якая апускаецца і падымаецца кшталту маятніка.
Даследчыкі з Федэральнай політэхнічнай школы ў Цюрыху (ETH Zurich) выявілі, што тлушчавыя клеткі «памятаюць» стан атлусцення праз эпігенетычныя змены.
Як клеткі праграмуюць цела
Эпігенетыка — гэта сукупнасць фактараў, такіх, як лад жыцця ці дыета, якія ўплываюць на экспрэсію генаў без змены самой паслядоўнасці ДНК. «Эпігенетыка кажа клетцы, якой яна з’яўляецца і што павінна рабіць», — вобразна тлумачыць Лаўра Хінтэ з ETH Zurich.
Эпігеном дзейнічае як набор пераключальнікаў, уключаючы ці выключаючы гены і ўплываючы на функцыянаванне арганізма.
Праводзячы доследы на мышах, навукоўцы заўважылі, што атлусценне выклікае характэрныя эпігенетычныя змены ў тлушчавых клетках. Што важна, гэтыя змены захоўваюцца нават пасля страты вагі.
Гэта азначае, што тлушчавыя клеткі «праграмаваныя» на вяртанне да стану атлусцення. Паколькі тлушчавыя клеткі «памятаюць» атлусценне, людзі, якія схуднелі, біялагічна схільныя зноў набіраць вагу.
Мы атрымалі гэта ў эвалюцыйным пакеце
Даследаванні, праведзеныя на людзях, пацвярджаюць гэтыя высновы. Аналіз тлушчавай тканкі людзей да і пасля барыятрычнай аперацыі паказаў, што эпігенетычныя змены ў тлушчавых клетках захоўваюцца нягледзячы на значную страту масы цела.
Гэтыя клеткі хутчэй паглынаюць пажыўныя рэчывы і хутчэй размнажаюцца, што спрыяе паўторнаму набору вагі. Паводле ацэнак, да 85% людзей, якія страцілі больш за 10% масы цела, набіраюць яе на працягу года.
Эфект ё-ё шмат каму можа падавацца дзіўным капрызам прыроды. Але, калі паглядзець з эвалюцыйнай перспектывы, ён мае свой біялагічны сэнс.
Эвалюцыйна так склалася, што арганізм імкнецца захоўваць энергію на выпадак недахопу ежы, што гістарычна было частай праблемай. Вось чаму тлушчавыя клеткі «праграмаваныя» на назапашванне тлушчу, а не яго страту.
Ці можна сцерці гэтую «памяць»?
На жаль, не. Ва ўсякім разе, немагчыма гэта зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве.
Як кажа Хінтэ, «тлушчавыя клеткі доўгажыхары. У сярэднім яны жывуць дзесяць гадоў, перш чым наш арганізм замяняе іх новымі клеткамі».
Навукоўцы мяркуюць, што ў будучыні, магчыма, удасца распрацаваць спосабы ўплыву на гэтыя эпігенетычныя маркеры. На сёння ж не існуе метаду, які дазволіў бы пазбавіцца гэтай «памяці» тлушчавых клетак.
Пакуль што найбольш эфектыўны спосаб прадухіліць эфект ё-ё — не набіраць лішняй вагі з самага пачатку. Калі ж чалавек усё ж атлусцеў, то выйсце тут — добра так змяніць стыль жыцця: адпаведная дыета, дастатковае высыпанне, фізічная і разумовая актыўнасць.
«Магчыма, што дастаткова доўгае захаванне паніжанай масы цела прывядзе да сцірання гэтай «памяці» — мяркуе Хінтэ.
Выявілася, «Аземпік» яшчэ і лечыць ад алкагалізму
Ці сапраўды «экалагічна чыстыя» прадукты больш карысныя для здароўя?
Дыетолагі рэкамендуюць, якія прадукты трэба есці ў кожнае дзесяцігоддзе свайго жыцця
Ці можна піць безалкагольнае піва штодзень і колькі
Кожнае пятае дзіця ў Беларусі мае праблему з лішняй вагой
У папулярнага прэпарата Ozempic з'явіўся больш паспяховы канкурэнт. Вось які
Каментары