Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу
Асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі журналіста Ігар Карней адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 17 у Шклове. Амаль увесь час яго трымаюць у мясцовай турэмнай камеры — так званым ПКТ. На 11 снежня над журналістам прызначаны новы суд, яму прад’яўляюць злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі, паведамляе БАЖ.
Ігара Карнея этапавалі ў шклоўскую калонію сёлета ў чэрвені. Пасля абавязковага каранціну 2 ліпеня яго размеркавалі ў атрад і дазволілі патэлефанаваць дахаты. Але неўзабаве змясцілі на пяць дзён у штрафны ізалятар.
У свой атрад ён ужо не вярнуўся: амаль адразу пасля ШІЗА Ігара перавялі ў памяшканне камернага тыпу, што таксама з’яўляецца карнай мерай у дачыненні да асуджанага. Тэрмін ізаляцыі ў павінен быў скончыцца ў жніўні, але пакаранне працягнулі яшчэ на паўгода. Журналіст мусіў выйсці з ПКТ напрыканцы студзеня 2025 года.
Тым часам стала вядома, што 11 снежня Ігара Карнея будуць судзіць па новай крымінальнай справе — цяпер яго вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі (паводле часткі 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса РБ). Працэс будзе весці суддзя суда Шклоўскага раёна Аляксандр Тараканаў.
Якім патрабаванням адміністрацыі калоніі не падпарадкаваўся журналіст, якога амаль паўгода трымаюць у ізаляцыі ад навакольнага свету, невядома. Яму забароненыя тэлефанаванні, адміністрацыя калоніі не прыняла і вярнула паштовую пасылку з цёплымі рэчамі, адпраўленую сваякамі Ігара ў калонію.
Як адзначаюць юрысты-праваабаронцы, прыкметай «злоснага непадпарадкавання адміністрацыі калоніі» можа стаць наяўнасць ранейшых пакаранняў, у тым ліку чатыры вымовы альбо тры спагнанні, адно з якіх — пазбаўленне чарговай пасылкі альбо перадачы, а таксама пазбаўленне чарговага працяглага ці кароткатэрміновага спаткання, альбо два спагнанні, адно з якіх — змяшчэнне асуджанага ў ШІЗА.
Паводле часткі 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса РБ, вязня могуць пакараць дадатковым тэрмінам зняволення — да 1 года.
Суды па гэтым артыкуле адбываюцца найчасцей непасрэдна на тэрыторыі калоніі, сведкамі выступаюць яе супрацоўнікі. За апошнія гады не было ніводнага выпадку, каб суд у падобных справах стаў на бок «палітычнага» асуджанага.
Справа Ігара Карнея
Агулам у няволі Ігара Карнея трымаюць ужо амаль паўтара года. Яго затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Спачатку арыштавалі ў межах адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Потым прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў СІЗА.
Ігара Карнея абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (паводле ч. 3 арт. 361—1 Крымінальнага кодэкса РБ). Дзяржаўныя СМІ пісалі, што Карней нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці супрацоўнічаў з «экстрэмісцкай» арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якую ў лютым 2023 года КГБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».
25 сакавіка 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Карнея палітычным вязнем.
Прысуд Карнею быў агучаны ў Мінскім гарадскім судзе 22 сакавіка 2024 года. Суддзя Сяргей Кацар прызначыў журналісту тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 20 тысяч рублёў.
Спроба аспрэчыць гэты вырак была беспаспяховай: 7 чэрвеня 2024 года калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам суддзі Аляксандра Саўчука пакінула апеляцыйную скаргу Ігара Карнея без задавальнення. Праз некалькі дзён журналіста ўключылі ў пералік «экстрэмістаў» на сайце МУС і неўзабаве размеркавалі ў шклоўскую калонію, дзе ён адразу трапіў пад прэсінг з боку адміністрацыі.
Каментары