Грамадства22

Камунальнік замяніў на мінскім даху чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы, каб «пажартаваць з апазіцыянераў»

У Мінску два гады таму затрымалі мужчыну за тое, што ён замяніў чырвона-зялёны сцяг на даху жылога дома на бел-чырвона-белы. Той усё патлумачыў добрымі намерамі і выразна выклаў у судзе логіку сваіх дзеянняў. Выданне «Люстэрка» знайшло падрабязнасці той ужо даўняй справы ў банку судовых рашэнняў.

Здарэнне адбылося ў кастрычніку 2022 года. Абвінавачаны — рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў. Месца яго працы пазначана як «УП Ж.» — верагодна, гэта адно з камунальных прадпрыемстваў кшталту ЖРЭА або ЖЭС.

У Мінску на даху аднаго з жылых дамоў на вуліцы Янкі Лучыны стаяў флагшток з чырвона-зялёным сцягам. Аднойчы а другой гадзіне ночы мужчына падняўся на дах дома, зняў афіцыйны сцяг і павесіў іншы — бел-чырвона-белы з гербам «Пагоня». А пасля вярнуўся дадому.

Раніцай новы сцяг заўважыў прахожы, які ішоў у краму. Мужчына патэлефанаваў у міліцыю, прыехала мабільная група патрулявання. Міліцыянты падняліся на дах і выявілі бел-чырвона-белае палатно, якое вісела дагары нагамі. Побач ляжаў складзены чырвона-зялёны сцяг. Таго, хто памяняў сцягі, нідзе не было відаць. Замок на дзвярах быў адчынены, але не ўзламаны.

Да справы падключыліся следчыя. Сілавікі вывучылі запісы камер назірання і заўважылі, што паміж дзвюма і трыма гадзінамі ночы камунальнік двойчы заходзіў у пад'езд гэтага дома і выходзіў з яго.

У лістападзе мужчыну затрымалі і змясцілі пад варту.

У студзені 2023 года прайшоў суд па гэтай справе. Абвінавачаны не адмаўляў, што менавіта ён памяняў сцяг. Паводле яго слоў, ён заўважыў, што чырвона-зялёнае палатно было абматанае вакол флагштока. У адну з начэй ён прачнуўся і вырашыў прагуляцца да гэтага дома, каб прывесці сцяг у парадак.

Знаходзячыся на даху, ён разматаў палотнішча і выявіў, што «дзяржаўны сцяг патрапаны ад моцнага ветру, і яго не атрымліваецца расправіць». У мужчыны быў бел-чырвона-белы сцяг. Кажа, ён знайшоў яго раней падчас працы на дрэве. Тады зняў палатно і захоўваў у дапаможным памяшканні, таму што «меў намер выкарыстоўваць у наступным як рыззё».

Камунальнік вырашыў замяніць «пашарпаны» афіцыйны сцяг на іншы. Як ён патлумачыў суду, хацеў павесіць БЧБ у перавернутым выглядзе, «каб такім чынам пажартаваць над апазіцыянерамі».

Так і зрабіў: схадзіў у майстэрню, паклаў сцяг пад куртку, вярнуўся на дах дома. Далей зняў чырвона-зялёны сцяг, акуратна склаў яго і пакінуў на даху паблізу флагштока. Бел-чырвона-белае палатно з гербам павесіў дагары нагамі. Пасля вярнуўся дадому. Суду паведаміў, што ў зробленым раскайваецца.

Суд расцаніў гэты ўчынак як хуліганства — «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, якія вылучаюцца па сваім змесце выключным цынізмам» (ч. 1 арт. 339 КК).

Мужчыну прысудзілі тры месяцы арышту. Акрамя таго, з абвінавачанага спагналі судовыя выдаткі ў суме 226 рублёў 42 капейкі. Чырвона-зялёны сцяг пастанавілі вярнуць у камунальную ўстанову, а бел-чырвона-белы — знішчыць.

Каментары2

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ3

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт5

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →