«Гомсельмаш» апублікаваў статыстыку па вытворчасці камбайнаў. Гэта зусім не тое, што чакалася
ВА «Гомсельмаш» у заводскай газеце паведаміла пра свежыя даныя, датычныя вытворчасці камбайнаў. «Флагшток» параўнаў рэальнасць з нядаўнімі планамі завода і статыстыкай ранейшых гадоў.
За 11 месяцаў (студзень—лістапад) 2024 года вытворчае аб'яднанне вырабіла 2 001 камбайн. Пры гэтым у лістападзе гэтага года з канвеера сышлі ўсяго 92 камбайны. Гаворка пра профільныя для завода карма– і збожжаўборачныя камбайны.
Вясной 2024 года кіраўніцтва заўважыла негатыўныя тэндэнцыі на расійскім рынку і скарэктавала план да 3300 камбайнаў. Але рэальнасць аказалася больш жорсткай. Па выніках гэтага года выпуск камбайнаў не перавысіць 2 100 штук.
Праблемы ў завода ўзніклі з-за росту ключавой стаўкі ў Расіі, падаражання тэхнікі і нізкага кошту сельгаспрадукцыі.
Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі «Гомсельмаш» зрабіў стаўку на расійскія праграмы фінансавання і расійскі рынак — па выніках 2023 года больш за 80% камбайнаў прадавалася менавіта там.
Каментары