Парламент Паўднёвай Карэі падтрымаў імпічмент прэзідэнту Юн Сок Ёлю, які 10 дзён таму абвясціў ваеннае становішча ў краіне. Тыдзень таму імпічмент праваліўся.
Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за абвяшчэнне імпічменту прэзідэнту Юн Сок Елю, які на мінулым тыдні зрабіў няўдалую спробу ўвесці ў краіне ваеннае становішча, паведамляе Yonhap.
Падобную меру падтрымалі 204 З 300 членаў аднапалатнага парламента краіны Нацыянальнага сходу. Супраць прагаласавалі 85 членаў парламента, яшчэ трое ўстрымаліся ад галасавання, 8 галасоў прызнаныя несапраўднымі. Для імпічменту была неабходная падтрымка не менш за дзве траціны дэпутатаў.
Аднак у шасці апазіцыйных партый, якія запусцілі працэдуру, ёсць усяго 192 месцаў, таму ім неабходна было заручыцца падтрымкай прынамсі васьмярых членаў кіроўнай партыі «Сіла народа».
У мінулую суботу імпічмент праваліўся, бо яго байкатавала кіроўная партыя. Першапачаткова «Сіла народа» планавала падтрымаць адпаведны законапраект, але пасля таго, як прэзідэнт папрасіў прабачэння і паабяцаў даручыць кіраванне краінай кіроўнай партыі, змяніла сваё меркаванне і вырашыла байкатаваць галасаванне.
12 снежня Юн Сок Ёль выступіў з новым відэазваротам, у якім назваў увядзенне ваеннага становішча 3 снежня «вельмі вывераным палітычным крокам», закліканым «абараніць нацыю і нармалізаваць дзяржаўныя справы».
Паўднёвакарэйскі прэзідэнт таксама тады заявіў, што яго рашэнне адправіць войска да парламента нельга лічыць мяцяжом.
Каментары