Шэсць вёсак на Галанскіх вышынях хочуць у Ізраіль. Пра гэта пішуць ізраільскія СМІ, спасылаючыся на відэа сходу жыхароў. Арабскія карыстальнікі сацсетак абураныя дзеяннямі сірыйскіх друзаў, паведамляе Euronews.
Жыхары шасці вёсак на поўдні Сірыі, у якіх жыве друзская меншасць, папрасілі Ізраіль далучыць да сябе іх тэрыторыю і распаўсюдзіць суверэнітэт на іх населеныя пункты. Відэа сходу ў вёсцы Хадэр, размешчанай на сірыйскім баку Галанскіх вышынь, напярэдадні апублікавала выданне Jewish Press.
Паведамляецца, што друзы асцерагаюцца пераследу з боку ісламістаў, якія прыйшлі да ўлады ў Сірыі пасля падзення рэжыму Башара Асада. На відэа адзін з выступоўцаў перад натоўпам з некалькіх дзясяткаў чалавек гаворыць:
«Ад імя ўсіх жыхароў Хадэра, і калі хтосьці пярэчыць, калі ласка, скажыце… Калі нам давядзецца выбіраць, мы выберам меншае зло — быць далучанымі да (ізраільскіх) Галанаў! … Лёс Хадэра — гэта лёс навакольных вёсак, мы хочам папрасіць далучыць нас да нашых суродзічаў на Галанах, каб быць свабоднымі ад несправядлівасці і прыгнёту».
Прысутныя на сходзе адказалі на гэта крыкамі: «Мы згодныя, мы згодныя!»
У 1967 годзе Ізраіль заняў частку Галанскіх вышынь падчас Шасцідзённай вайны і анексаваў іх у наступныя гады, у выніку чаго чатыры сірыйскія друзскія паселішчы сталі часткай яўрэйскай дзяржавы. Цяпер там жывуць каля 24 тысяч чалавек.
Друзская грамада Ізраіля, якая збольшага жыве ў рэгіёне Галілея, у сукупнасці перавышае 250 тысяч чалавек. Яе прадстаўнікі добра інтэграваныя ў ізраільскае грамадства і служаць у ЦАХАЛ.
Напярэдадні прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху сустрэўся з духоўным лідарам друзскай абшчыны у Ізраілі Мавафекам Тарыфам. Яны абмеркавалі падтрыманне стабільнасці і бяспекі ў месцах пражывання друзаў на поўдні Сірыі.
Пра хваляванні і пачуццё няпэўнасці сярод друзаў, якія апынуліся ўжо другі раз за паўстагоддзя ў эпіцэнтры супрацьстаяння паміж Ізраілем, Ліванам і Сірыяй, пісалі і еўрапейскія СМІ. Бо многія друзскія сям'і ўжо тады, у 1973-м, былі падзеленыя мяжой.
Сярод карыстальнікаў сацсетак з Палестынскай аўтаноміі і шэрагу арабскіх краін расце абурэнне такімі дзеяннямі друзаў, хоць гэтая навіна пакуль і не была пацверджаная афіцыйна.
Расія пачала вывад войскаў з Сірыі
У сірыйскай Латакіі спалілі труну з целам бацькі Башара Асада
Сірыя была фабрыкай каптагону, «какаіну для бедных». Пасля падзення рэжыму стала ясна, дзе яго выраблялі
Выйшаў на волю ліванец-хрысціянін, які правёў у турмах Асада 33 гады. Яго выкралі сірыйскія вайскоўцы
У сірыйскай турме знайшлі труп закатаванага актывіста, які прапаў 4 гады таму. Ён паверыў рэжыму і вярнуўся з Берліна
Каментары