Бабруйчанка сабрала калекцыю з дзвюх тысяч навагодніх елачных цацак часоў СССР
Самыя старыя шары ў калекцыі — 1930-х гадоў.
Галіна Жук — настаўніца беларускай і рускай моў з Бабруйска. Каля 20 гадоў адпрацавала ў школе, цяпер займаецца рэпетытарствам. А калекцыянаванне — яе сапраўднае захапленне апошніх гадоў 15, піша «Вячэрні Бабруйск».
«Першая серыя, якую я сабрала — з «Казкі пра рыбака і рыбку»: дзед, баба і рыбка. Потым быў «Доктар Айбаліт», з гэтай казкі я сабрала сем персанажаў. Паступова ў мяне з'явілася шмат цацак розных гадоў, розных вытворцаў».
На сёння ў калекцыі Галіны больш за 2 тысячы савецкіх ёлачных цацак.
Ёсць цацкі з ваты, кардонныя, папяровыя і нават з дроту. Апошнія — перыяду ВАВ, зробленыя на заводзе «Москабель» з адходаў вытворчасці.
Самыя каштоўныя — навагоднія ўпрыгажэнні, выпушчаныя да 1966-га года, яны лічацца калекцыйнымі. Такія сталі апошнімі, якія былі зробленыя ўручную, пазней вытворчасць набыла прамысловы размах і цацкі сталі не такімі дэталізаванымі.
Па рашэнні Міжнароднай арганізацыі калекцыянераў ёлачных цацак Golden Glow старадаўнімі прызнаюцца цацкі, вырабленыя да 1966 года.
Самыя старыя ў калекцыі Галіны — шары 1930-х гадоў з мастацкім роспісам і яшчэ ватныя цацкі, выпушчаныя пасля 1936 года.
Ёсць у Галіны і любімыя цацкі.
«Вельмі падабаюцца мне цацкі па матывах казкі Джані Радары «Прыгоды Чыпаліна». Усяго ў гэтай серыі 23 цацкі, мне пакуль удалося сабраць 10. Яны вельмі дэталізаваныя і цікавыя. А яшчэ шалёна люблю ледзяшы, таму што яны нагадваюць мне дзяцінства. У мяне іх каля 100 штук, і ні адзін не паўтараецца!
Люблю цацкі і паштоўкі з серыі «Дзеці», і яны выклікаюць ува мне настальгію. Мне таксама апраналі такую шубку, хуталі ў пуховую хустку».
Галіне цікава вывучаць гісторыю па цацках.
«Да прыкладу, самыя першыя цацкі павінны былі несці ў масы ідэі камунізму, таму яны ўключалі ў сябе сімволіку савецкай дзяржавы — серп, молат, пяціканцовую зорку. У канцы 30-х гадоў у СССР актыўна асвойваўся Запалярны круг, у гэты час з'явіліся цацкі ў выглядзе белых мядзведзяў, пінгвінаў, хакеістаў і палярнікаў. У 1937-м годзе дырыжабль СССР здзейсніў рэкордны па працягласці палёт у 130 гадзін, у гонар гэтага была выпушчаная ёлачная цацка-дырыжабль. Пасля ашаламляльнага поспеху фільма «Цырк» 1936 года рэзка павысіўся попыт на цацкі, якія паказваюць блазанаў, дрэсіраваных сабак, сланоў, мядзведзяў.
Да юбілею Пушкіна, у 1949 годзе, выпусцілі серыі з персанажамі яго казак. У часы Хрушчова (1950-1960-ыя гады), калі асноўны ўпор у Савецкім Саюзе быў зроблены на развіццё сельскай гаспадаркі, у моду ўвайшлі цацкі з выявай гародніны — вінаград, яблыкі, грушы, лімоны, агуркі, памідоры, і, вядома, кукуруза. У хрушчоўскія гады таксама былі выпушчаныя цацкі ў выглядзе ледзяшоў, якія сімвалізуюць эпоху «адлігі». У гэты перыяд у тэматыцы цацак стала менш камуністычнай прапаганды, а з'явіліся прадметы побыту: самавары, лямпы, чайнікі. Цікава, што пры Хрушчове пачалі выпускаць міні-цацкі, таму што многія сем'і сяліліся ў невялікіх «хрушчоўках». Некалькі такіх ёсць і ў маёй калекцыі. На маленькіх цацках намалявана тое, што і на вялікіх, толькі ў мініяцюры».
Папаўняць сваю калекцыю Галіна працягвае і сёння, але ўжо не гэтак актыўна. Звязана гэта, у прыватнасці, з тым, што дастаць калекцыйныя асобнікі становіцца ўсё складаней і цэны на іх растуць з кожным годам.
«Цэны залежаць ад попыту. Сёння яны вагаюцца ў сярэднім ад 20 да 100 рублёў за цацку. Кошт на рэдкія асобнікі можа даходзіць да некалькіх тысяч даляраў».
Галіна марыць сабраць усю серыю па казцы «Прыгоды Чыпаліна» — 23 штукі. А таксама марыць стварыць музей ёлачнай цацкі ў Белавежскай пушчы.
Цяпер экспанаты з калекцыі Галіны Жук выстаўлены ў этнаграфічным і ў краязнаўчым музеях Магілёва.
Каментары