«РЭД» з Брусам Уілісам.
ЗША, 2010, каляровы, 111 хв.
Рэжысёр: Робэрт Швэнтке
Ролі выконваюць: Брус Уіліс, Мэры-Луіз Паркер, Морган Фрымэн, Джон Малкавіч, Карл Урбан, Хелен Мірэн, Рычард Дрэйфус, Браян Кокс
Жанр: Іранічны баявік паводле коміксаў Уорэна Эліса і Калі Хамнэра
Адзнака: 6,5 (з 10)
Фрэнк Мозэс — агент у адстаўцы, які круціць раман з супрацоўніцай пенсійнага фонду. Сам агент сумуе па мінулым, а жанчына фанацее ад шпегаўскіх рамантычных кніжак. Раптам Мозэса спрабуюць забіць, пагражаюць і ягонай каханцы. Былы агент збірае старуе каманду і з новаю каляжанкай адпраўляецца на прыгоды.
Карціна Робэрт Швэнтке — радасны й бадзёры баявік. Нязменны «моцны арэшак» Брус Уіліс уляпаўся ў рамантычную гісторыю са стралянінай і выбухамі. Закаханая няўмека (Паркер), для якой свіст куляў — найлепшая музыка. Элегантная Хелен Мірэн з кулямётам у руках. ЦРУшны псіхапат Джон Малкавіч з аптымістычнаю паранояй. І нязменна-мудры Морган Фрымэн.
Робэрт Швэнтке з асалодай грае ў шпегаўскі жанр, каб давесці публіку да параксізмаў рогату. Немагчыма забыць двубой дуры й «дзядулі» на гранатамётах і жаночыя плёткі за снайперскаю вінтоўкай. Ну, а візіт у расейскую амбасаду — гэта адмысловая фішка з дасціпным намёкам на стужку Коэнаў.
Карціна — выдатнае спалучэнне прыгодаў і іроніі, жаночых мараў і крутога баевіка.
Каментары