Гран-пры «Лістапада» атрымаў фільм з крытыкай «савецкага чалавека»
— карціна Сяргея Лазніцы «Шчасце маё».
— карціна Сяргея Лазніцы «Шчасце маё».
Карціна Сяргея Лазніцы «Шчасце маё» атрымала галоўны прыз 17 Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», што завершыўся ўвечары 12-ага. Вырак прафесійнага журы агучыў літоўскі рэжысёр Шарунас Бартас.
Прыз аддаваў міністр культуры Павал Латушка, які выглядаў здзіўленым.
Карціна Сяргея Лазніцы, што раней была ў конкурснай Канскай праграме, распавядае пра дальнабойніка, які заблукаў дзесьці каля Смаленску — дый заглыбляецца ў сэрца цемры. Фільм пабудаваны, як страшная дакументальная казка. Кіроўца сустракаецца са сквапнымі міліцыянтамі, разбойнікамі, малалетняй прастытуткай — і губляе ўласную памяць. Васіль Быкаў падказаў Лазніцы эпізод з партызанамі, якія забіваюць настаўніка.
На фестывалі, падчас прагляду, некаторыя гледачы — пераважна старога веку — заклікалі застраліць рэжысёра. Але для Лазніцы прынцыповым было стварыць адыходны партрэт савецкага чалавека, сэрца якога знішчанае нянавісцю.
На цырымоніі закрыцця галоўны актор стужкі Віктар Немец падзякаваў за ўзнагароду і нагадаў, што ён з Лазніцай «з аднаго раддому». І рэжысёр, і акцёр — ураджэнцы Баранавічаў. Дарэчы, дакументальная «Днюка» яшчэ аднаго ўраджэнца Баранавічаў Андрэя Куцілы была адзначаная гільдыяй крытыкаў.
Спецыяльны прыз журы дастаўся кіргізскаму «Выкрадальніку святла». Гэта фільм пра добрага электрыка, які крадзе для вяскоўцаў святло.
Гран-пры конкурса неігравога кіно журы на чале з Віктарам Аслюком прысудзіла нямецкай «Жанчыне з пяццю сланамі». Гераіня — перакладніца Дастаеўскага з пакручастым лёсам.
Найлепшымі дакумэнтальнымі дэбютамі прызнаныя кітайскі «Апошні цягнік дадому» і эстонскі «Чэмпіён свету» — пра 83-гадовага дзядулю, які скача з шастом.
Сярод ігравых дэбютаў быў вылучаны перуанскі «Кастрычнік» — пра ліхвяра, якому падкінулі дзіця.
Гледачы ўпадабалі «Стракатыя прыцемкі» Людмілы Гурчанкі, індыйскі «Удаан» і венесуэльскага «Брата» — якому й дасталіся асноўныя сімпатыі публікі. Дынамічная стужка пра захопленых футболам братоў, уцягнутых у крымінальныя разборкі, таксама атрымала прэзідэнцкі прыз «за гуманізм і духоўнасць».
Але сёлета глядацкае галасаванне адсунута на другі план.
Прыйшоў час прафесійнага «Шчасця майго».
Каментары