Пастка для прэзыдэнта
Сухарэнка сышоў, але справа ягоная жыве. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.
24.07.2007 / 22:43
Сухарэнка сышоў, але справа ягоная жыве. Мо' хто забыўся: менавіта ён прэзэнтаваў пры канцы 2005 году заканадаўчыя навэлі, якія, у прыватнасьці, усталявалі крымінальнае пакараньне (да двух гадоў за кратамі!) за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
У мэдыях гэтыя драконаўскія навэлі акурат і называлі тады "папраўкамі Сухарэнкі". Неўзабаве пад артыкул патрапілі актывісты "Партнэрства". Потым – лідэр "МФ" Зьміцер Дашкевіч. Сёньня гэты дамоклаў меч вісіць над актывістамі "МФ" Іванам Шылам, Настай Азаркай, Яраславам Грышчэнем...
Звыш таго, напярэдадні 27 ліпеня зноў ўжытае ноў-хаў сілавікоў, выпрабаванае перад выбарамі-2006 і потым яшчэ раз скарыстанае сёлета перад Днём Волі. Па 15 сутак Севярынцу і Шэіну, затрыманьні ды арышты яшчэ шэрагу моладзевых актывістаў – як бачым, зноў вымалёўваюцца абрысы шырокай прэвэнтыўнай зачысткі. Маралітэ простае: няма чаго "шалудзівым людзям" сьвяткаваць незалежнасьць па-свойму! (Гэта зноў жа да пытаньня пра славутую "кансалідацыю". У нас заўжды – кансалідацыя зь фільтрацыяй:)
Карацей, зьмена фігураў на чале сілавых ведамстваў ніяк не адбіваецца на іх мэтах ды мэтадах. Заўважце: на разборы палётаў у КГБ гэтае ведамства атрымала па поўнай праграме за што толькі можна: страту прафэсыяналізму, няўменьне захоўваць таямніцы, "крышаваньне" бізнэсу – але ні ў якім разе не за "дохлых пацукоў". Барацьба супраць палітычных апанэнтаў – гэта ў вачох улады акурат той выпадак, калі ўсе сродкі добрыя.
Менавіта дзеля гэтай "сьвятой" місіі спэцслужбы, іншыя сілавыя структуры атрымліваюць карт-блянш. Але акурат тут, як зазначае аналітык Валер Карбалевіч, тоіцца сыстэмная пастка для аўтарытарнага лідэра. Бо, атрымаўшы мандат на ўседазволенасьць, гэныя структуры пачынаюць ладзіць і ўласную гульню, ператвараюцца ў касту з дамінаваньнем карысьлівых карпарацыйных інтарэсаў. Не выпадкова на тым разборы палётаў была так эмацыйна акцэнтаваная думка пра недапушчальнасьць паралельных цэнтраў сілы. На пэўным этапе, у пэўны момант "свая гульня" спэцслужбаў можа стаць небяспечнай і для галоўнага канструктара Сыстэмы.
ЗЫ. Той самы Валер Карбалевіч прадказаў, што "адліга" скончыцца пасьля 21 чэрвеня, з пазбаўленьнем гандлёвых прэфэрэнцыяў. На тое і выглядае...
Як у ваду глядзеў і палітоляг Уладзімер Роўда, які сказаў мне ў траўні, калі вымалёўваўся мяккі прысуд групе актывістаў "МФ" (тады ў каго-кольвек быў момант эўфарыі з нагоды "адлігі"): "Сёньня ў беларускага кіраўніцтва добры настрой, а заўтра можа быць дрэнны".
Дэмакратыя, пры ўсіх ейных хібах, добрая тым, што грамадзства значна меней залежыць ад настрою кіраўніцтва:) Хутчэй наадварот: лёс кіроўных крэслаў цалкам залежыць ад настрою грамадзтва.