Феномен Шакуціна: як вясковы хлопец стаў адным з найбагацейшых бізнэсмэнаў

20.07.2013 / 12:21

Аляксандр Шакуцін рэалізаваў сваю беларускую мару. Фота Вольгі Лойка, tut.by.

Працаваць на суботніку побач з Лукашэнкам перспектыўна для прыватнага бізнэсу. Фота БЕЛТА.

Аляксандр Шакуцін-малодшы падчас італьянскага адпачынку. Фота facebook.com.

Хата Шакуціна ў Вялікім Бабіне нічым не вылучаецца на фоне суседскіх. Фота Ягора Марціновіча.

Старшыня рады дырэктараў «Амкадора» і сенатар Аляксандр Шакуцін за апошнія некалькі месяцаў стаў яркай медыйнай персонай.
Імя мільянера, які займаў пятае месца ў пазалеташнім рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў краіны, толькі лянівы не ўзгадаў ў сувязі з «Еўрабачаннем». У фінал конкурсу праціснулася ягоная пратэжэ Алёна Ланская. «Стаўленне да Беларусі стала больш перадузятым», — апраўдваўся мільянер, калі спявачка не перамагла.

«Я не магу без работы!»

Хто ведае Шакуціна найлепш? Гэта ягоныя родныя.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» выправіліся ў вёску Вялікае Бабіна, што на Аршаншчыне. Менавіта тут у 1959 годзе нарадзіўся Аляксандр Шакуцін, якому было наканавана стаць адным з самых багатых людзей Беларусі.

«Сашка Шакуцін? Дык вось там ягоны дом, жоўты такі, — махае рукой жыхарка вёскі. — А вы з ім размінуліся. Ён якраз учора прыязджаў». Як высветлілася пазней, на выходныя да маці заехаў іншы сын, Сяргей.

Грукаемся ў дзверы хаты Шакуціных, ды ўсё марна. Ніхто не адмыкае, нікога няма і на гародзе. З дома насупраць выходзіць суседка Люся. Яна хвалюецца: ці не здарылася нешта з бабай Кацяй — і выпраўляецца на пошукі.

Нарэшце старую ўдаецца знайсці ў полі за хатай.

Як родныя ні прасілі бабулю Кацярыну берагчы здароўе і больш не займацца фізічнай працай, на месцы яна сядзець не можа. «Я не магу без работы! Хоць крычалі на мяне: нашто табе ўсё гэта, — апраўдваецца яна. — Але я і кашу яшчэ сама». Між іншым, ёй ужо 84 гады! «Як жа працаваць хочацца! — баба Каця разважае як тыповая беларуска. — Хоць сілаў няма, дык думаю, хоць аеру нарву».

Нашаніўцам даводзілася бываць у хатах блізкіх сваякоў многіх уплывовых беларусаў — Макея, Мясніковіча, Абельскай… Жыллё Шакуціных выглядае на іх фоне самым сціплым. У вочы адразу кідаецца сувенірны гадзіннік «Амкадора» на сцяне.

«Я ж пра сваіх дзяцей толькі добрае скажу!» — смеючыся, папярэджвае баба Каця і пачынае расповед пра гаротны лёс сям’і Шакуціных.

Нямецкая вязніца

Сваю маму яна амаль не памятае — толькі як тая ў бальніцы давала дачцы цукерку. Мама захварэла і памерла, калі Каця была зусім маленькая.

Бацька сышоўся з іншай, але адносіны ў дзяцей ад першага шлюбу з мачахай не склаліся. Іх было пяцёра, дык яшчэ ў бацькі з мачахай — сваіх чацвёра. Жанчына ж дбала толькі аб сваіх малых.

Кацярына паспела скончыць тры класы мясцовай школкі, а пасля пачалася вайна.

Бацька ў вайну знік без вестак, старэйшы брат загінуў у партызанах, а Кацю разам з сястрой забралі ў лагер у Германію. Але і з палону яна ўзгадвае кранальную гісторыю, як немец-­наглядчык, які выганяў беларусаў капаць акопы, браў рыдлёўку і капаў замест яе.

Калі вярнулася ў родную вёску, да мачахі ні яна, ні браты­сёстры не пайшлі. Тая жыла з новымі кавалерамі, а падлеткі прытуліліся каля дзеда.

Замест школы — на працу

Пасля вайны Каця пайшла ў чацвёрты клас школы.

«Дзіцятка, а хто ж цябе карміць хлебам будзе, што ты ў школу пайшла?» — запытаўся ў яе стары­сусед. Вучобу давялося кінуць…

Тры гады Каця пешшу насіла пошту па вёсках. Калі хто і прапаноўваў падвезці — дзяўчына адмаўлялася. «Баялася, — тлумачыць яна. — Гэта цяпер дзеці смелыя».

Пасля пошты пайшла даяркай у калгас. Тады ўжо Каця была ў шлюбе. Муж Васіль быў лесатэхнікам. Са слязьмі на вачах жанчына ўзгадвае, як яны разам будавалі свой дом, як нажывалі гаспадарку.

«Калі б цяпер беларусы працавалі так, як пасля вайны, то жылі б багата», — перакананая яна.

Першай нарадзілася дачка Надзея, пасля сын Саша.

Бацька загінуў, калі Аляксандру не было і трох гадоў…

Свайго малодшага сына, Сяргея, Кацярына нарадзіла ад другога мужа, трактарыста.

«Можа, я б і да пенсіі не дажыла, калі б не гэты меншы, — баба Каця выцірае слёзы. — Такі паслухмяны хлопчык быў, харошы, дапамагаў…»

Аднак з ягоным бацькам так і не распісалася, хоць разам пражылі ажно 23 гады.

Усё дзецям

Кацярына так і засталася непісьменнай, але ўсе свае сілы ўклала ў дзяцей: толькі каб яны вывучыліся.

Вучоба Аляксандру давалася сярэдне. «Не буду хваліцца, што на пяцёркі вучыўся, — прызнаецца мама. — Калі казалі «перапішы памылку», ён адказваў, што ўжо напісаў і больш перапісваць не будзе».

Саша быў спакойны, нават сарамлівы. Схадзіць да суседа, каб нешта ўзяць — нават вярнуць сваё — было для яго вялікай праблемай.

Баба Каця расказвае, што сын дапамагаў ёй даіць кароў на ферме. «Я яму лягчэйшых давала», — смяецца яна.

Дзеці ў вёсцы маглі зарабіць тым, што дралі лазу і здавалі яе. Так Аляксандр Шакуцін зарабіў свае першыя грошы. «Я з дзяцінства быў чалавекам практычным, — узгадваў ён у размове з «Камсамолкай». — Мне вельмі падабаўся галоўны герой кнігі «Угрум-рака», і мне захацелася, каб у мяне быў свой завод. Няважна, які завод, абы завод».

Грошы меў, але не сквапнічаў, узгадвае маці. Старэйшая сястра выйшла замуж, а ў яе мужа не было добрай курткі. Дык Саша вырашыў даць яму грошай на вопратку.

На дачку ў бабы Каці часу хапала менш. Пасля школы На­дзея ўладкавалася на мясакансервавы камбінат, а цяпер жыве ў Оршы ды працуе на рынку. На зіму маці пераязджае жыць да яе.

Паступіў з другой спробы

Чаму Аляксандр вырашыў звязаць сваё жыццё з медыцынай?

Сваяк, які быў вайскоўцам, падказаў, што хлопцаў у інстытут бяруць прасцей, чым дзяўчат.

Але з першай спробы паступіць у Мінску ўсё адно не ўдалося. Давялося вярнуцца ды папрацаваць год трактарыстам у мясцовым калгасе «Радзіма».

Праз год Аляксандр вырашыў перастрахавацца і пайшоў на падрыхтоўчыя курсы. «Мама, баюся, усякае можа быць. Раптам не паступлю? — тлумачыў ён сваё рашэнне. — А з падрыхтоўчых курсаў бяруць усіх, нават з тройкамі». Узялі. Так Аляксандр стаў студэнтам Мінскага медыцынскага інстытута (цяпер Медуніверсітэт).

Камсамолец­-будаўнік

Аляксандр вучыўся на хірурга. Было цяжка, узгадвае баба Каця. Кожную аперацыю ён прымаў блізка да сэрца. Пакуль хворы не выходзіў з­пад наркозу, Аляксандр не мог сысці дамоў — так перажываў.

Універсітэцкія гады сталі часам першага трыумфу Шакуціна. Ён даслужыўся да пасадаў сакратара камітэта камсамола інстытута і заведуючага сектарам Цэнтральнага камітэта Ленінскага камсамола БССР.

Актывіст-камсамолец арганізоўваў студэнцкія будаўнічыя атрады, з якімі катаўся па ўсім СССР. Тыя часы прынеслі яму добрыя грошы, узгадвае маці. Хватка дазваляла яму зарабляць там, дзе іншыя працавалі «ў нуль».

Баба Каця кажа, што тады ж малады спецыяліст атрымаў у Мінску трохпакаёвую (!) кватэру.

А вось у войску будучы мільянер не служыў. Чаму — маці не ведае.

У медыцынскі тым часам паступіў і меншы брат Сяргей. Чаму хлопец не ўзяў прозвішча свайго бацькі?

Заставацца Шакуціным яму параіў Аляксандр. Матывацыя простая: калі старэйшы брат ва ўніверсітэце на добрым рахунку, значыцца, будзе лягчэй і малодшаму.

Жыццёвы паварот

І тут у кар'еры Шакуціна адбываецца рэзкі ўздым. «Пасля заканчэння ардынатуры медінстытута працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення 10-й мінскай бальніцы», — гаворыцца ў ягонай біяграфіі.

«Я прайшоў шлях ад доктара … да дырэктара медыцынскага цэнтра МТЗ, які я ствараў з нуля», — хваліўся ён «Камсамолцы».

Удакладнім, што медсанчастка МТЗ, якую Шакуцін ачоліў, насамрэч была заснаваная ў 1947.

«Калі я сыходзіў з МТЗ, то са мной сышло каля 50 чалавек, у тым ліку некалькі намеснікаў кіраўніка МТЗ», — дадае ён Tut.by. Нібыта ўзніклі супярэчнасці з кіраўніцтвам завода.

Кацярына Шакуціна пераказвае словы сына: зарабіць вялікія грошы ў медыцыне было немагчыма.
Але, відаць, вельмі хацелася. Таму з медыкаў Шакуцін канчаткова перакваліфікоўваецца ў бізнэсоўцы.

Камсамол назаўжды

Ён становіцца прэзідэнтам навукова-вытворчага аб’яднання «ПрамМедІнвест». Нескладана правесці паралель з цяперашнім бізнэсам Шакуціна — «ПМІ Груп».

Чым магла займацца кампанія са словам «інвест» у назве ў пачатку 1990-х? Продажам і купляй усяго, што можна. Пасля было вырашана спыніцца на дарожнай тэхніцы.

Вядома ж, дзейнічаў Шакуцін не адзін. Цяперашнія партнёры мільянера, па ягоных словах, «сябры і былыя калегі з камсамола, медыцыны і МТЗ». Напрыклад, Ігар Субоцін, з якім Шакуцін на роўных ствараў «ПМІ-груп», у свой час адказваў за замежнаэканамічную дзейнасць МТЗ. Цяпер ён запісаны памочнікам сенатара ў савеце рэспублікі. Праўда, на грамадскіх пачатках. Іншы дармавы памочнік сенатара, Яраслаў Буяльскі, працаваў разам з Шакуціным у камсамоле.

Росквіт «Амкадора»

…У пачатку 1990-х у Беларусі пачынае грымець назва завода «Амкадор» (былы «Дармаш»).

Ягоны дырэктар Васіль Шлындзікаў праводзіць акцыянаванне прадпрыемства — першае ў краіне. Каштоўныя паперы прадаюцца работнікам.

Завод пачаў падрыхтоўку да акцыянавання яшчэ да развалу СССР. Калі ўтварылася незалежная Беларусь, рэвізійная камісія пераацаніла актывы «Амкадора». Акцыі падаражэлі больш чым на 20%. Неўзабаве правяраючыя прыйшлі зноў: нібыта былі няправільна выкарыстаныя чэкі «Маёмасць» на выкуп акцый. «Амкадор» здолеў адстаяць у судзе сваю рацыю.

У сярэдзіне 1990-х на прадпрыемства прыйшла яшчэ адна праверка, якая запатрабавала вярнуць дзяржаве 85% акцый. Суд зменшыў патрабаваннні. Давялося аддаць 15% акцый.

Да памылак падчас прыва­тызацыі пачатку 1990-х дзяржава апелявала пры фактычнай нацыяналізацыі кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак». У беларускіх рэаліях пры жаданні ўлады выказаць падобныя прэтэнзіі можна і да «Амкадора».

Васіль Шлындзікаў тым часам працягваў рэфармаванне завода. Да часоў прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі «Амкадор» перажывае залаты век. Заробак на прадпрыемстве тады быў у некалькі разоў вышэйшы за сярэдні па краіне.

Шлындзікаў узначальвае Камісію па эканамічнай палітыцы і рэформах у Вярхоўным Савеце ды актыўна падтрымлівае ліберальную апазіцыю. Урэшце ён канцэнтруецца на палітыцы. З пасады прэзідэнта «Амкадора» ён сыходзіць у 1996.
У канцы таго ж года банкрутуе замежнагандлёвая фірма прадпрыемства.

Змена ўласніка

Наступныя гады «Амкадора» былі не беднымі і не багатымі. Сітуацыя змянілася, калі ў пачатку стагоддзя на завод прыйшоў інвестар. У 2001 у яго руках аказалася 67% акцый прадпрыемства.

«Беларускія ўласнікі «Амкадора» — выхадцы з МТЗ, Шакуцін і Субоцін. А два гаспадары­непальцы даўно жывуць у Беларусі, закончылі калісьці наш політэхнічны інстытут. Кажуць, адзін з іх — далёкі сваяк непальскага караля, можа, таму ён меў грошы на куплю акцый», —
напісаў у кнізе ўспамінаў генеральны дырэктар «Амкадора» ў 2000—2002 Міхаіл Парэпка.

Як адбываўся працэс змены ўласніка?

«Непальскія і беларускія «людзі з грашыма» пачалі скупляць акцыі спачатку ў юрыдычных асобаў, прадпрыемстваў сістэмы «Амкадора», якія мелі па 10—12% акцый, а пасля і ў фізічных асобаў, — узгадвае ён. — Плацілі па $15—20 за штуку. Людзі спакусіліся шанцам атрымаць за акцыі грошы. Зразумела, што пралічыліся».

«На першым этапе гэтай скупкі ніхто не думаў, што ўсё так абернецца… Але рэйдарскага захопу не было», — падсумоўвае Міхаіл Парэпка.

Адна рука тут, другая там

У новым кіраўніцтве «Амкадора» старшынёй рады дырэктараў стаў менавіта Шакуцін. Пры гэтым кантрольнага пакета акцый у яго не было — асноўным уласнікам усё ж заставаліся непальцы.

Затое Шакуцін браў іншым. Ён меў дзве падкантрольныя структуры, «Спамаш» і згаданую вышэй «ПМІ-груп». Кампаніі, сярод іншага, абслугоўвалі патрэбы «Амкадора», у прыватнасці займаліся продажам тэхнікі на расійскі рынак.

Актыўная грамадская пазіцыя

Васіль Шлындзікаў характарызуе Шакуціна як даволі талковага кіраўніка. Маўляў, калі столькі часу трымае прадпрыемства ў сваіх руках, гэта дарагога варта.

Разнапланавасць Шакуціна дазваляла яму знаходзіць ўсё новыя і новыя счэпкі з уладай. Трэба праявіць вывераную палітычную пазіцыю — і вось ён член прэзідыума «Белай Русі». Паклапаціцца пра спорт — цяпер Шакуцін кіраўнік тэніснай федэрацыі, пакінутай іншым мільянерам Уладзімірам Пефціевым. Стаць культурным мецэнатам — і вось Алёна Ланская штурмуе «Еўрабачанне». Такі спрыт ледзь не давёў Шакуціна да санкцый Еўрасаюза.

У ЕС яго лічаць «асабістым кашальком Аляксандра Лукашэнкі». «Я расцэньваю гэта як прызнанне мяне кіраўніком, які ўносіць важны ўклад у развіццё эканомікі Беларусі і з’яўляецца патрыётам сваёй краіны», — каментуе ён сітуацыю.

Шакуцін тым часам падбіраў чыноўнікаў, выкінутых за борт дзяржаўнага кіравання. Ці не для таго, каб лабіраваць свае інтарэсы праз іх кантакты?

«Нам сувязі не патрэбныя. Мы працуем ў рынкавых умовах, ствараем прадукт і прадаем яго ў асноўным на замежныя рынкі», — прыгожа адказаў ён Tut.by, узяўшы на працу былога дарадцу Аляксандра Лукашэнкі, зацятага антырыначніка Сяргея Ткачова.
Апроч яго, у сістэме «Амкадора» апынуліся былы кіраўнік «Беллегпрама» Эдуард Нарышкін і былы кіраўнік МАЗа Мікалай Касцень.
І ўсе ў дзяржапараце ведаюць: калі ты ў добрых адносінах з бізнэсоўцам, то пасля адстаўкі можаш разлічваць на грашовую пасаду.

Загадкавы партнёр

Сёлета раптоўна змяніўся галоўны акцыянер «Амкадора».

У выніку дадатковай эмісіі 54% ад статутнага фонду выкупіў наваполацкі бізнэсмэн Мікалай Варабей, які валодае кампаніяй «Інтэрсервіс» па перапродажы нафтапрадуктаў. Ён заплаціў $77 мільёнаў — гіганцкія грошы, але замалыя для размаху «Амкадора».

У шоку былі многія, у тым ліку, здаецца, і сам Варабей. Былы віцэ-прэзідэнт «Амкадора» Генадзь Зіноўчык пасля сёлетняга сходу акцыянераў расказаў «Народнай волі» пра свае ўражанні ад новага кіраўніка, які сядзеў у зале як мыш пад венікам.

«Я папрасіў яго адказаць на тры пытанні. Па­першае, назваць памер статутнага фонду фірмы «Інтэрсэрвіс». Па­другое, агучыць, хто заснавальнікі гэтай кампаніі. І трэцяе пытанне, чаму, ніколі не займаючыся машынабудаваннем, вы вырашылі купіць «Амкадор»? Адказы былі проста смешныя. Памер статутнага фонду — «вялікі». Аб заснавальніках «Інтэрсэрвіс» ён нават не стаў гаварыць. А матыў?»

Ён мяркуе, што Варабей — падстаўная фігура.

Нялішнім будзе нагадаць, што летась Шакуцін хацеў набыць акцый «Амкадора» на $500 тысяч як фізічная асоба. Інфармацыя пра паспяховасць задумы не з’яўлялася.

Сям’я пры бізнэсе

За працай нельга забывацца і пра сям’ю. «Будзеш у медыцыне працаваць, ніколі не будзеш добра жыць», — раіў Аляксандр свайму зводнаму брату Сяргею. Той з жонкай не надта верыў у гэтыя словы.

«А нядаўна нявестка сказала, маўляў, прабач, Саша, так, як цяпер, мы ніколі не жылі!» —
расказвае баба Каця.

Сяргей Шакуцін кіруе сеткай аптэк «Іскамед», суўласнікам якой з’яўляецца брат. «Калі стваралася кампанія, у яе было 7 заснавальнікаў. Было прапанавана некалькі кандыдатур на пасаду генеральнага дырэктара, я прапанаваў свайго брата і ў адказ пачуў, што ён мяккі і добры па характары, не зможа патрабаваць ад супрацоўнікаў руплівай працы. Я ж быў упэўнены, што ў Сяргея ёсць усе якасці, каб быць лідарам. Я быў вымушаны гарантаваць яго будучыя поспехі сваёй доляй уласнасці ў кампаніі», — расказаў Аляксандр Tut.by.

Поспеху дасягнуў і сын Шакуціна, таксама Аляксандр. Ён адвучыўся на юрфаку БДУ, а некалькі гадоў таму ўзначаліў бацькавы холдынг «Спамаш».
Са сваёй жонкай Аляксандр-малодшы пазнаёміўся ў сацыяльных сетках.

«Я не змагу, я вярнуся»

«Ці не хацелі перабрацца бліжэй да сыноў?» — пытаемся ў Кацярыны Шакуцінай. «Дык яна там ужо пабыла!» — устаўляе сваё слова суседка Люся.

Аляксандр прапанаваў перавезці маму ў Заходнюю Беларусь — там трымаць гаспадарку лягчэй. Пераканаў. Разам з каровай баба Каця пераехала ў аграгародок Сакаўшчына пад Валожынам, дзе ў Шакуціна стаіць лецішча. Завяла свінняў, стала абжывацца… Але за пяць гадоў прывыкнуць да тамтэйшага ладу жыцця яна так і не змагла. Здараліся бяда за бядой.

Раптоўна памерла ўнучка Марыйка, дачка Аляксандра. Менавіта ёй прысвечаная назва прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» — «Светлай памяці Марыі Шакуцінай». «Я ж яе глядзела яшчэ маленькай, — плача баба Каця. — Прырасла да гэтага дзіцяці… Больш за ўсіх перажывала».

А пасля карова, няўдала павярнуўшыся, прыціснула бабу Кацю да кута. Немаладая жанчына зламала некалькі рэбраў. Не сказаўшы нікому, яна сабралася і паехала назад у Вялікае Бабіна.

«Я ж усім казала: я не змагу, я вярнуся», — узгадвае баба Каця.

Але пакуль гаспадыні не было дома, суседзі павыносілі рэчы з хаты…

Еўрабачанне

Для многіх беларусаў, далёкіх ад палітыкі, Шакуцін — перадусім спонсар Алёны Ланской. Першая спроба трапіць на «Еўрабачанне», падмацаваная адміністратыўным рэсурсам, скончылася разборкамі на нарадзе ў Лукашэнкі. Было прызнана, што вынікі галасавання сфальсіфікаваныя.

Шакуцін жа перакананы: члены журы тады змовіліся… супраць Ланской! «На 100% упэўнены, што Алёна летась перамагла! Чаму змянілі меркаванне асобныя члены журы, я магу толькі здагадвацца», — заявіў ён на Tut.by. Адміністратыўны рэсурс? «Гэта былі фальшыўкі!»

…Баба Каця глядзіць на гэтую мітусню з вышыні сваіх 84 гадоў — дзяцінства, якое супала з вайной, працы замест вучобы ў школе ды жыцця, прысвечанага таму, каб яе дзеці выраслі і сталі сумленнымі людзьмі. «А вы глядзелі «Еўрабачанне»? — «Ой не, мне такое не цікава!» — смяецца яна.

Іменем Шакуціна

Калі ў 2008 у Оршы праходзілі Дажынкі, Люся, суседка бабы Каці, напісала заяву мясцовым уладам ад імя чатырох «нямецкіх вязняў». Патрабавала пакласці асфальт вакол вёскі.

Нічыіх прозвішчаў яна не ведала, таму назвала Кацярыну Шакуціну. Баба Каця, даведаўшыся, раззлавалася: «Ды хто я такая, каб дзеля мяне вуліцу асфальтавалі?! Прыйдуць скажуць: ды ёй паміраць ужо трэба, а яна вуліцы хоча! Ды я б ніколі такое не напісала!» Аднак было ўжо позна. Пачуўшы прозвішча «Шакуцін», раённыя ўлады ўзялі пад казырок. У Вялікім Бабіне паклалі «дажынкавы» асфальт.

Аляксандр Шакуцін нарадзіўся 12 студзеня 1959 у вёсцы Вялікае Бабіна Аршанскага раёна. Скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працаваў інструктарам, загадчыкам сектара Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ. Пасля заканчэння клінічнай ардынатуры працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення 10¬й мінскай гарадской бальніцы, галоўным доктарам медсанчасткі, дырэктарам медцэнтра МТЗ, прэзідэнтам НВА «Праммедінвест».

Цяпер — член савета рэспублікі, член прэзідыума «Белай Русі», старшыня рады дырэктараў «Амкадора», намеснік гендырэктара па пытаннях перспектыўнага развіцця «ПМІ Груп», старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі, член Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце Беларусі.

Адар’я Гуштын, Ягор Марціновіч