Рассельгаснагляд «знайшоў кішачную палачку» ў беларускіх прадуктах
Масква шантажуе Беларусь новай гандлёвай вайной?
11.08.2013 / 10:27
Бактэрыі кішачнай палачкі нібыта знойдзены ў ялавічыне і тварагу з Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Федэральнай службы Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным кантролі.
«Пры лабараторных даследаваннях вяндліны, якая паступіла з ААТ «Барысаўскі мясакамбінат», у партыі ялавічыны, якая паступіла з ААТ «Мёрскі мясакамбінат», і ў партыі тварагу, які паступіў з прадпрыемства ААТ «Савушкаў прадукт», выяўлены бактэрыі групы кішачнай палачкі, — паведамляецца ў
У мінулым Расспажыўнагляд не раз выкарыстоўваўся ў палітычных мэтах. Пад яго забарону траплялі беларускае малако, малдаўскія віны, грузінская баржомі — прадукцыя найлепшай якасці, лепшая за расійскія аналагі. Пасля ўрэгулявання канфліктаў прадукцыя адразу пераставала быць няякаснай і вярталася на расійскі рынак.
Нядаўна, як паведамлялася, Расія забараніла пастаўкі ўкраінскіх цукерак і шакаладу. Адначасова са слодычамі Масква паставіла бар’еры на шляху імпарту ўкраінскіх труб. На думку назіральнікаў, цяпер Масква хоча сарваць падпісанне дамовы пра асацыяцыю між Украінай і Еўрасаюзам.
Пытанне, ці далучыцца Беларусь да Крамля ў ціску на Украіну, мае істотнае палітычнае значэнне.
Беларусь пакуль не забараніла ўкраінскія цукеркі следам за Расіяй.
Іншы канфлікт разгортваецца ў калійнай сферы. Пасля адмовы Беларусі прыватызаваць «Беларуськалій» на выгадных для расійскага капіталу ўмовах «Уралкалій» выйшаў з адзінай трэйдарскай кампаніі з «Беларуськаліем», а расійскі ўрад запатрабаваў ад Беларусі спыніць дэмпінг на рынку калійных угнаенняў унутры Расіі.
І вось цяпер «кішачная палачка» точыць нутро «саюзных адносінаў».