Падтрымайма Еўрамайдан, бо гэта шанец і для нас
Піша Алесь Чайчыц з Масквы.
04.12.2013 / 11:29
Хто ў канцы 2004 года, у разгар славутай «Памаранчавай Рэвалюцыі», мог падумаць, што роўна празь дзевяць гадоў украінцам зноў давядзецца выходзіць на плошчы, каб шляхам «жывой дэмакратыі» уплываць на палітыку дзяржавы і прэзыдэнта з прозьвішчам Януковіч.
Але з такім жа посьпехам мы ў тыя часы маглі спадзявацца (і спадзяваліся ж), што ў канцы 2013 года прэзыдэнтам Беларусі будзе, нарэшце, нехта іншы, а не Аляксандар Лукашэнка.
Постсавецкая палітыка вучыць не перабольшваць свой аптымізм, каб не расчаравацца ў справядлівасьці гэтага сьвету: некаторым рэчам патрабуюцца гады і дзесяцігодзьдзі, каб ажыцьцявіцца.
Усім мусіць быць зразумелым, што
ў сучасных падзеях у Кіеве і іншых гарадах Украіны ідзецца не пра канкрэтна Дамову пра асацыяцыю з ЭЗ і нават не пра эўрапейскую інтэграцыю як такую.
Ідзецца пра тое, што пераважная большасьць украінцаў больш не жадае жыць пры саўку — у аўтарытарнай карумпаванай намэнклятурна-алігархічнай дзяржаве, сярод татальнай неэфэктыўнасьці і нядобрасумленнасьці — якія той жа лукашэнкаўскі рэжым можа сабе дазволіць дзякуючы матэрыяльнай дапамозе з Крамля.
Эўраінтэграцыя — проста сымбаль.
Украінцы хочуць эфэктыўны празрысты і падсправаздачны грамадзтву дзяржаўны апарат, «урад для народа», а не «народ для ўрада», як у лукашэнкаўскай Беларусі. Яны хочуць (хаця многія — хутчэй на інтуітыўным узроўні) нармальныя «эўрапейскія» законы, нармальныя «эўрапейскія» прынцыпы пабудовы грамадзтва, незалежныя суды, сумленныя органы правапарадку і абароненую прыватную ўласнасьць.
Польшча, Вугоршчына, краіны Балтыі і былой Чэхаславаччыны —
усе нашыя суседзі толькі выйгралі ад эўрапейскай інтэграцыі.
Цяперашняя Польшча мае адну з найбольш дынамічных эканомік сярод краін Эўразьвязу. І справа далёка ня ў тым, што Эўразьвяз даваў ім датацыі. Галоўная грунтоўная прычына тым, што ў гэтых краінах фармавалася здаровае інстытуцыйнае асяродзьдзе, адбываўся дэмакратычны палітычны працэс, дзейнічала нармальная дзяржава замест зборышча верных дыктатару служак.
Украінцы хочуць рухацца наперад, а не стаяць на месцы і, пагатоў, не паўзьці назад у адсталую азіёпскую аўтарытарную мінуўшчыну.
І таму гэтае цяперашнее раздарожжа, гэты
цяперашні разлом ва Ўкраіне маюць куды больш фундамэнтальны характар, чым падчас «Памаранчавай рэвалюцыі» ці падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года, на якіх перамог Віктар Януковіч.
Наколькі падтрыманы буйным усходнеўкраінскім бізнэсам Януковіч горшы за папулістку Цімашэнку — пра гэта яшчэ можна было спрачацца. Як можна было спрачацца, ці прэзыдэнцтва Юшчанкі для Ўкраіны лепшае за прэзыдэнцтва Януковіча.
Сёньня для ўкраінцаў усё адназначна: ці Эўропа, ці клюб адсталых цэнтральнаазіяцкіх сатрапій, да якой, на жаль, належыць і лукашэнкаўская Беларусь.
Што нам цяпер рабіць? Падтрымліваць украінцаў усяляк, як можам.
Бо іхны посьпех - гэта надзея і будучы прыклад для ўсяго рэгіёну. І для Беларусі, аточанай Эўразьвязам з трох бакоў і лідара па колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў, у тым ліку.