Пяць фактаў пра дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандра Мяжуева
05.12.2013 / 13:14
Фота «Во славу Родіны».
Аляксандр Мяжуеў стаў новым дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі. «НН» сабрала цікавыя факты пра сілавіка.
Ажаніўся ў 19 гадоў
Мяжуеў нарадзіўся ў 1959-м у Ляхавічах. Адукацыю, як і большасць вайскоўцаў, атрымліваў за межамі Беларусі. Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ ў Маскве, а таксама Вайсковую акадэмію генеральнага штаба Узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі. У званні генерал-маёра.
Праходзіў службу ў камандных і штабных пасадах: камандзіра брыгады, намесніка камандуючага войскамі аператыўнага камандавання, начальніка штаба — першага намесніка камандуючага аператыўнага камандавання, камандуючага войскамі аператыўнага камандавання, начальніка Галоўнай ваеннай інспекцыі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.
Жаніўся ў 19 гадоў, мае трох сыноў (усе адслужылі ў войску). Казаў, што так рана жаніўся, бо баяўся ссылкі ў аддалены гарнізон пасля вучобы. Жонка была з ім паўсюль.
«Не камандуе, але кіруе ў хатняй гаспадарцы жонка, я ёй цалкам давяраю», — казаў Мяжуеў у адным з інтэрв’ю.
Самы вялікі прыбытак
Дэпутатам палаты прадстаўнікоў Мяжуеў быў абраны па 52-й выбарчай акрузе ў Гродна. Акруга была безальтэрнатыўнай.
Самае цікавае, што Мяжуеў быў самым багатым кандыдатам у дэпутаты. Ягоны прыбытак за год перад выбарамі склаў 33 тысячы даляраў.
Яго супернікам у акрузе мог быць намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў-Карвацкі, але арганізацыя прыняла рашэнне зняць сваіх кандыдатаў з выбараў.
У палаце прадстаўнікоў Мяжуеў узначальваў камісію па нацыянальнай бяспецы.
Былы падначалены Валерыя Фралова
«Гэта мой былы падначалены, — кажа генерал Валерый Фралоў. — Некалі яму нават па-за чаргой прысвоілі званне палкоўніка. Вельмі прафесійна падрыхтаваны чалавек, прыстойны. Не ведаю, як ён цяпер, а раней у мяне заставаліся ад яго самыя найлепшыя ўражанні. Але здараецца, што жыццё ламае маіх былых сяброў. Не бачаць яны ў сабе сілаў, каб нешта змяніць у краіне.
Ён некалі, здаецца, у 97-ым, кіраваў ліквідацыяй наступстваў урагана ў Брэсцкай вобласці. Памятаю, што некалі да нас прыязджалі амерыканцы, мы да іх ездзілі, яны да нас, дык Мальцаў [былы міністр абароны – «НН»] адправіў іх у Брэст да мяне. Мяжуеў тады выдатны арганізаваў прыём, наведванне Брэсцкай крэпасці, іншыя бытавыя моманты. Амерыканцы былі вельмі задаволеныя».
Супраць войска па кантракце і скарачэння тэрміну службы
«Беларусь знаходзіцца на парозе вайны? Або ў ёй працэнт нестатутных адносін вялікі, або вялікі працэнт маладога папаўнення памірае ад прастудных захворванняў? Або мы пасылаем неабучаных салдат у гарачыя пункты свету?» — рытарычна пытаўся Мяжуеў на круглым стале па пытаннях войска.
Мяжуеў казаў, што Нямеччына, перайшоўшы на кантрактнае войска, страціла ў сваёй абароназдольнасці, бо на кантракт у асноўным ідуць іншаземцы дзеля грошай і віду на жыхарства.
Таксама генерал раскрытыкаваў змяншэнне тэрміну службы з паўтара года да года. Тым самым, хутчэй засведчыў сябе як кансерватар. Выказваў заклапочанасць «актыўнасцю» НАТО на мяжы з Беларуссю.
Яшчэ будучы камандуючым Заходняга аператыўнага камандвання Мяжуеву давялося адказваць, чаму вайскоўцы ходзяць у «кірзачах».
«Стапталі тое, што было, каб не выкідваць. Цяпер пераходзім на «берцы» замест ботаў. Мы праводзім планамерную працу па абнаўленні салдацкай вопраткі», — прагматычна тлумачыў тады ён.
«Жанчына — гэта ўзорны воін»
Аднойчы ў Мяжуева папыталіся аб стаўленні да жанчын у войску. Вось такі быў адказ: «Я вам так скажу: жанчына — гэта ўзорны воін. Яна не парушае вайсковую дысцыпліну, добрасумленна ставіцца да выканання службовых абавязкаў, ёй не трэба паўтараць двойчы. Жанчына п'яная за рулём не ездзіць, у нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, як правіла, не з'яўляецца. Пры гэтым яна яшчэ і сям'ю ўтрымлівае. Так што тут усё заканамерна».
Сваім хобі Мяжуеў называе спорт. Кажа, што ўсур’ёз займаўся гандболам, дзюда, гірамі, а цяпер кожны чацвер ходзіць у басейн.
Ад лістапада Аляксандр Мяжуеў з’яўляецца кіраўніком Беларускага саюза афіцэраў.