Правілы жыцця ад Элеаноры Язерскай
16.05.2014 / 23:45
Вось што казала Язерская:
«Сёння на БТ працуюць дылетанты, непрафесіяналы і проста выпадковыя людзі. У выніку – экран з нізкім інтэлектуальным узроўнем, разлічаны на ПТВ.
Зоркі сённяшняга дня — гэта Стас Міхайлаў і Алена Ваенга. Дарэчы, таксама неадукаваныя людзі і ў крайняй ступені неінтэлігентныя. Так, як яны спяваюць, спяваюць у любым пабе.
Калі на экране з'яўляецца новы тэлевядучы, я часта спыняю сябе на думцы: усе яго веды – гэта тое, што ён прачытаў у інтэрнэце.
Я вельмі ганаруся тым, што мой загарадны дом знаходзіцца за два з паловай кіламетра ад месца, дзе нарадзіўся Янка Купала.
Няма ў ім нічога нацыянальнага [пра БТ]. У насамрэч нацыянальнага канала павінна быць свая ідэя, свой твар, свае нацыянальныя праблемы, свая нацыянальная гісторыя. Але на нашым экране гісторыі ніякай няма. Я б ужо была згодная нават на «сталінскую» гісторыю. Так і такой няма. А хто будзе казаць маладым і падрастаючым пра тое, што ў нас ёсць свая нацыянальная музыка і культура?
Я дзіўная жанчына, я не люблю камуністаў. І заўсёды, нават у савецкія часы, казала пра іх «гэтыя бальшавічкі».
Я жанчына мінулага стагоддзя, таму цярпець не магу, калі фатаграфіі запампоўваюць у камп’ютар. Не! Я іх абавязкова друкую. У мяне ўжо 60 ці 70 альбомаў – па гарадах, па краінах. Я люблю разглядаць гэтыя фота і яшчэ раз пераконвацца ў тым, што нашы ўспаміны — гэта самы лепшы капітал.
Адзінаццаць ці дванаццаць раз я была ў Парыжы, сем ці восем — у Італіі, мне ужо і не хочацца лічыць.
Парыж не той, якім быў нават 10 гадоў таму. Ён як быццам ператварыўся ў афрыканскі горад. Я не расістка, але лічу, што перадусім Парыж павінен быць для французаў. Ствараецца адчуванне, што сёння ў гэтым горадзе іх жыве менш за ўсё.
Нядаўна мы ехалі па Расіі, і мяне ўзрушыла ўбачанае: такое адчуванне, быццам Мамай толькі што прайшоў ці вайна скончылася — пахіленыя хаты, ні кветачкі.
Мне не вельмі хочацца паўсюль бачыць апантанага рускага турыста, які, па-мойму, сёння наводзіць страх на Еўропу. Ведаеш, што такое рускі турыст? Гэта чалавек, які ў 40-градусную спёку на пляжы ў той жа Антальі п'е 40-градусную гарэлку і спявае «Ой, мароз-мароз, не марозь мяне…» Гэта я паўтараю ўслед за Задорнавым.
Хто ў той час мог папросту паляцець на ўікэнд у Сочы? Зараз гэтым нікога не здзівіш, зразумела – Еўропа побач. Шкада, што мае найлепшыя гады не прыйшліся на сёння – ужо я б разгарнулася.
Вечнае каханне тое, якое доўжыцца крыху даўжэй, чым звычайнае. А колькі доўжыцца звычайнае? Бог яго ведае.
Я павінна жыць адна. Таму што вялікі індывідуаліст і занадта эгаістычная. Мне цяжка жыць з кімсьці.
Мне б хацелася, каб мы былі не толькі спартыўнай дзяржавай, але і культурнай.