Памёр футбаліст Валянцін Бялькевіч. Яму быў 41 год
01.08.2014 / 10:32
1 жніўня на 42-м годзе жыцця раптоўна памёр адзін з найлепшых футбалістаў Беларусі за ўсю гісторыю — Валянцін Бялькевіч.
Пра гэта паведамляе сайт Беларускай федэрацыі футбола.
У футбаліста абарваўся тромб, паведамляе сайт ФК «Дынама» Кіеў.
Валянцін Бялькевіч чатыры разы станавіўся чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь і двойчы заваёўваў Кубак краіны ў складзе футбольнага клуба «Дынама-Мінск».
Пасля пераходу ў кіеўскае «Дынама» Бялькевіч разам са сваім новым клубам сем разоў выйграў чэмпіянат Украіны, і шэсць разоў Кубак Украіны.
Беларускі паўабаронца ўнёс немалы даробак у поспехі кіеўскага клуба на еўраарэне — у 1999 годзе «Дынама» дайшло да паўфіналу Лігі чэмпіёнаў.
За зборную Рэспублікі Беларусь правёў 56 матчаў і забіў 10 галоў. Валянцін быў адным з лідараў беларускай зборнай у кваліфікацыі да чэмпіянату свету ФІФА 2002 года, калі наша каманда спынілася за крок ад заваёвы другога месца ў групе і права згуляць у стыкавых матчах.
У 1995 годзе быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі, а ў 2001 — найлепшым гульцом украінскага чэмпіянату.
«Свае лепшыя футбольныя гады ён правёў у кіеўскім «Дынама» цешачы сваім выдатным майстэрствам і талентам тысячы заўзятараў, — гаворыцца ў спачуванні на сайце ФК «Дынама» Кіеў. — Пасля завяршэння гульнявой кар'еры Валянцін Мікалаевіч праявіў сябе на трэнерскай ніве, падаючы вялікія надзеі. Смерць аднак вырвала яго з нашых шэрагаў.
ФК «Дынама» (Кіеў) выказвае шчырыя спачуванні сваякам, сябрам і ўсім, хто ведаў гэтага цудоўнага чалавека і першакласнага прафесіянала.
«Наша Ніва» далучаецца да спачуванняў.