Прафсаюз ЕГУ рыхтуе пазоў у суд наконт масавага звальнення выкладчыкаў
01.10.2014 / 18:09
Прафсаюз дзейнага ў Вільнюсе беларускага Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) рыхтуе пазоў у суд наконт масавага звальнення выкладчыкаў, паведаміў сябра кіруючага савета прафсаюза і сябра сената ВНУ Андрэй Ралёнак.
Паводле яго слоў, больш як у 100 выкладчыкаў ЕГУ 1 кастрычніка закончыліся кантракты. «Паводле нашых звестак, некаторым выкладчыкам прапанаваная праца па гадзінах. Мы пакуль не ведаем, ці згадзіліся яны працаваць на такіх умовах», — дадаў ён.
Вядома, што з большасцю прадстаўнікоў платформы «За новы ЕГУ», якая выступала супраць палітыкі адміністрацыі ВНУ, кантракты не былі працягнутыя. Выкладчыкі атрымалі паведамленні адміністрацыі ВНУ аб тым, што ў іх паслугах ЕГУ больш не мае патрэбы. Ралёнак адзначыў, што 12 прадстаўнікоў дэмакратычнай платформы «За новы ЕГУ» з'яўляліся сябрамі сената ўніверсітэта.
Як паведамлялася раней, на першым этапе адбору асноўнага выкладчыцкага складу ў ЕГУ быў праведзены адкрыты конкурс на замяшчэнне 17 выкладчыцкіх пасадаў паводле прынцыпу поўнай занятасці з заключэннем працоўных дагавораў на пяць гадоў; на другім — працоўныя дагаворы тэрмінам на год заключаныя з 61 выкладчыкам. Аднак, адзначыў Ралёнак, ва ўніверсітэце на аснове розных форм найму ў мінулым навучальным годзе працавала 245 выкладчыкаў.
Работнікі, з якімі дагаворы не працягнутыя, рыхтуюць пазоў у суд, сказаў Ралёнак.
Ён таксама паведаміў, што найбліжэйшым часам павінны быць прызначаныя слуханні ў судзе па пазове ЕГУ да кантралёра па акадэмічнай этыцы і працэдурах Літвы, у якім Ралёнак выступае трэцім зацікаўленым бокам. Кантралёр у маі пацвердзіў неправамернасць некаторых дзеянняў кіраўніцтва ўніверсітэта ў адказ на пададзеную сенатам ЕГУ скаргу аб парушэннях у працы кіраўніцтва ўніверсітэта. Сярод іншага парушэнні былі адзначаныя пры правядзенні конкурсу на замяшчэнне выкладчыцкіх пасад.
Кантралёр рэкамендаваў рэктару ЕГУ праінфармаваць агульны сход саўладальнікаў аб выяўленых парушэннях і адзначыў, што «ўстаноўленыя парушэнні акадэмічнай этыкі і працэдуры павінны быць ліквідаваныя неадкладна». Аднак адміністрацыя ЕГУ прадоўжыла праводзіць конкурс, настойвала, што яго правядзенне поўнасцю адпавядае палажэнням статута ЕГУ і закону Літвы аб навуцы і адукацыі, і падала пазоў у суд на кантралёра.
Таксама ў судзе Вільнюса пачаўся разгляд пазову старшыні сената ЕГУ прафсаюза Паўла Церашковіча да Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. 5 лютага Церашковіча звольнікі з ЕГУ, датэрмінова перапыніўшы з ім кантракт.
Канфлікт у ЕГУ паміж адміністрацыяй і сенатам ВНУ, звязаны з правядзеннем рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу, абвастрыўся ў сярэдзіне студзеня 2014 года.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. З моманту стварэння ЕГУ рэктарам быў яго заснавальнік акадэмік Анатоль Міхайлаў, які 30 верасня пакінуў гэтую пасаду і прыняў прапанову заняць новую, толькі што створаную пасаду прэзідэнта ўніверсітэта. Ва ўніверсітэце вучацца прыкладна 1.500 студэнтаў, пераважна з Беларусі.