Ізраіль адзначае юбілей танка «Меркава»
30.10.2014 / 22:11
Merkava IV.
35 год таму пасля некалькіх год распрацоўкі танк Merkava I — першы танк ізраільскай вытворчасці — паступіў на ўзбраенне баявых частак Сіл абароны Ізраіля. З тых часоў машына некалькі разоў мадэрнізавалася і застаецца галоўнай сілай ізраільскіх наземных войскаў.
Першай вайной з удзелам Merkava стала вайна ў Ліване ў 1982 годзе, дзе ізраільскія танкі паказалі сваю перавагу над савецкімі Т-72, якія былі на ўзбраенні Сірыі, піша афіцыйны блог арміі Ізраіля.
Merkava І.
Цяпер на ўзбраенні стаяць танкі Merkava IV, якія паступілі ў войскі ў 2004 годзе. Яны здольныя збіваць верталёты, маюць камп'ютарныя сістэмы тактычнага кіравання боем і падвышаную праходнасць, неглядзячы на 65 тон вагі.
Моцны рухавік дае магчымасць пры вялікім унутраным аб'еме, што падвышае зручнасць выкарыстання танку, добра абараніць бранёй танкістаў і механізмы. Галоўнымі рысамі Merkava сталі высокі ўзровень выжывальнасці, магчымасць хуткага рамонту.
Цяпер танк узброены 120-мм пушкай, 2 кулямётамі калібра 7,62 мм, 60-мм гранатамётам.
Рухавік танка ў адрозненне ад класічнай кампаноўкі знаходзіцца перад вежай, такім чынам танкісты дадаткова абароненыя ад абстрэлу з пярэдняй праекцыі. Гэта таксама дае экіпажу магчымасць пакідаць танк праз люк у карме, карыстаючыся машынай.
Гэта ж дае магчымасць браць на борт акрамя 4 танкістаў яшчэ 6 чалавек, напрыклад, параненых і медыкаў ці афіцэраў і связістаў. Такім чынам танк пераўтвараецца ва ўніверсальную баявую машыну, якая можа выконваць у залежнасці ад баявой сітуацыі ролі танку, БТР ці БМП.
Від з кармы.
На сучасныя танкі ўсталяваная сістэма актыўнай абароны Trophy (іншая назва — Meil Ruach), якая, выкарыстоўваючы радар, аўтаматычна выстрэльвае карцеччу насустрач супрацьтанкавым ракетам і знішчае іх.
У ліпені гэтага года сістэма Trophy, напрыклад, паспяхова перахапіла супрацьтанкавую ракету з СТРК «Карнет» расейскай вытворчасці ў Газе.
«Тут танк для экіпажа, а не экіпаж для танка», — адзначыў камандзір звязу 401 танкавай брыгады Ізраіля Джэф Бен Ары.
Цяжкая БМП Namer
На базе машыны распрацаваная і выкарыстоўваецца цяжкая баявая машына пяхоты Namer, узровень браніравання якой адпавядае танкаваму.