Праваабаронцы: Аляксандр Груноў расстраляны
04.11.2014 / 13:04
Асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Гомеля Аляксандр Груноў расстраляны. Пра гэта стала вядома 4 лістапада ад яго маці Вольгі Груновай, піша spring96.org.
Вольга Грунова распавяла праваабаронцам, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка «да запатрабавання». У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў мінскай турмы Валадаркі.
Днём раней праваабаронцам стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: яго справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.
Нагадаем, у красавіку былі расстраляныя 23-гадовы студэнт Павел Сялюн і 45-гадовы Рыгор Юзэпчук. На сённяшні дзень праваабаронцам вядома пра яшчэ аднаго асуджанага, які чакае выканання прысуду, - 54-гадовага Эдуарда Лыкава.
***
Аляксандр Груноў прызнаны вінаватым у забойцу гомельскай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай.
Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года - ёй было нанесена больш за 100 нажавых раненняў. Гэта забойства Груноў здзейсніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіццё сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той сканаў.
Першы смяротны прысуд Грунову Гомельскі абласны суд вынес у чэрвені 2013 года, аднак праз чатыры месяцы Вярхоўны суд Беларусі адмяніў прысуд і накіраваў справу на новы судовы разгляд у суд першай інстанцыі. У снежні 2013 Гомельскі абласны суд паўторна вынес смяротны прысуд Грунову. У красавіку гэтага года Вярхоўны суд пакінуў прысуд без змены.