Пяць фактаў пра прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Эйсмант — шмат ФОТА
архіўны матэрыял
06.02.2018 / 15:44
апублікавана 6 лістапада 2014 года
Аляксандр Лукашэнка прызначыў новую кіраўнічку ўласнай прэс-службы. Ёй стала 30-гадовая вядучая Наталля Эйсмант. Дарэчы, з гэтай пасады сваё кар'ернае ўзвышэнне некалі пачала Наталля Пяткевіч.
Вядучая «Панарамы»
Праўда, усім больш вядомае яе дзявочае прозвішча Наталлі — Кірсанава. Менавіта пад такім іменем яна вяла праграмы «Панарама» і «Галоўны эфіры» на тэлеканале «Беларусь-1».
Наталля Кірсанава нарадзілася ў Мінску, скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, па спецыяльнасці акцёрка драматычнага тэатра і кіно. Працавала ў Тэатры музкамедыі. «У тэатр хаджу не па працы, а для душы. Перавагу аддаю Купалаўскаму», — кажа Наталля.
Вольна валодае беларускай мовай
Наталля Кірсанава таксама вяла беларускамоўную перадачу «Навіны рэгіёна». У інтэрв’ю тэлеканалу яна казала, што пераход на беларускую мову не быў лёгкім. Казала, што займалася з вядомым мовазнаўцам Уладзімірам Куліковічам. «Калі пішу тэксты, то думаю выключна па-беларуску», — прызнавалася журналістка.
Муж таксама на БТ
Другой паловай Наталлі Кірсанавай з’яўляецца яшчэ адзін вядучы тэлеканала «Беларусь» — Іван Эйсмант. Творчы псеўданім — Іван Міхайлаў. Ён з’яўляецца вядучым перадач «Галоўны эфір» (часам яны з’ўляліся ў эфіры разам з жонкай) і «Спорт-кадр». Яму 37 гадоў. Скончыў Акадэмію МУС. Адукацыя дазволіла яму пэўны час папрацаваць у перадачы «Зона Х». Кажа, што працаваў пазаштатным карэспандэнтам газеты «Прессбол», калі жыў некалькі гадоў у Гродне.
Варта адзначыць, што на БТ таксама працуе сястра Івана — Ганна Эйсмант, вядучая спартыўных навін.
Актыўная ў сацыяльных сетках
Наталля Кірсанава мае акаўнт у фэйсбуку, куды выкладае ў асноўным уласныя фотаздымкі. Змяшчала спасылку на артыкул «Пост абажання Одры Хепберн». Сярод упадабанняў — газеты «Антэна» і «Камсамольская правда в Беларусі», XXL Belarus, «Худзей смачна», Вікторыі Бэкхэм, «Сакрэты поспеху вялікіх».
Таксама яна мае акаўнт у «Аднакласніках».
Куміры — Джобс, Тэтчэр, Чэрчыль
Калі ў Наталлі Кірсанавай запыталіся, хто, на яе думку, самыя ўплывовыя людзі ў гісторыі, то адказ быў: «Мне на розум адразу прыходзіць — Уінстан Чэрчыль, мне вельмі цікавы гэты чалавек, з ягонымі афарызмамі». Сярод сучаснікаў яна назвала стваральніка Apple Стыва Джобса. А сярод славутых жанчын асаблівае месца вызначыла Анджаліне Джалі і Маргарэт Тэтчэр.
На пытанне, чаго ёй не хапала на працы на БТ, адказала: «Бірулькі ад галоўнай паркоўкі». Мабыць, на новым месцы працы праблем з паркоўкай у Наталлі не будзе.