Лукашэнка: Я ніколі не прыніжаў беларускую мову. Усе пытанні — да Машэрава
15.01.2015 / 10:29
Фрагмэнт інтэрвію прафэсара Ёфэ з Аляксандрам Лукашэнкам з кнігі «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксьце» (Reassessing Lukashenka). У гэтым фрагмэнце кіраўнік Беларусі гаворыць на тэму нацыянальнай ідэнтычнасьці і мовы.
AFP
Ёфэ: Існуе вельмі распаўсюджанае меркаваньне, што беларусы ня склаліся яшчэ як нацыя таму, што ў іх няма адзінства па частцы знакаў і мітаў, па частцы гістарычных каранёў, па частцы мовы, і нават па частцы назвы краіны. Гэта меркаваньне памылковае ці не? Што для вас значыць быць беларусам?
Лукашэнка: Вы ведаеце, вось усё, што Вы сказалі, нават калі гэта так, мяне гэта мала цікавіць, і я пра гэта ня думаю.
Ёфэ: Зразумела.
Лукашэнка: Добра, ня склаліся. Складваецца.
Ёфэ: Дык гэта ня ёсьць нэгатыўная крытыка…
Лукашэнка: Не, гэта хлусьня. Я сыходжу з таго, што гэта ня так. Гэта ня так. Але нават калі гэта так,
ну, мы ня склаліся як нацыя — гэта значыць, ёсьць яшчэ куды расьці, над чым думаць і ў якім кірунку разьвівацца. Мяне гэта ну абсалютна не напружвае, што мы яшчэ дзесьці не дапрацавалі. Але мы ж хочам быць нацыяй!
Ёфэ: Вядома.
Лукашэнка: Ну вось, Вы бачыце, як я змагаюся і іншыя. Для нас вечная каштоўнасьць — гэта наша незалежнасьць і сувэрэнітэт, гэта жыць на сваім кавалку зямлі. Мы ня так як нацмэны гэта разумеем: так, беларусы застаюцца, габрэі, палякі, рускія і іншыя — прэч! Наадварот: калі хочаце да нас, вось кавалачак зямлі, але жыць тут грамадзянам Беларусі, хто пагодзіцца працаваць на гэты кавалачак зямлі. Так, літоўцы там, расейцы, палякі… Гэта такая наша зямля, мы на скрыжаваньні дарог.
То нас бамбілі, рэзалі, далучалі да Польшчы, то да Літвы, у імпэрыі мы былі — ну, і што з гэтага! Але, тым ня менш, нягледзячы на тое, што нас спрабавалі рабіць і такімі, і сякімі, і гэткімі, мы ж адбыліся як дзяржава, і ў гэтай дзяржаве беларусы жывуць… І па апошнім перапісе — колькі там, 90 або з лішнім адсоткаў адносяць сябе да беларусаў. Гэта ж важна, што ў сьвядомасьці.
Усё роўна, што ён Ёфэ, усё роўна, што ў яго бацька быў беларус ці рускі, а маці габрэйка. Усё роўна… Але ён стаў беларусам.
Ёфэ: Зразумела. Па сваім адчуваньні.
Лукашэнка: Што Вы хочаце сказаць, што ў Вас усе габрэйскія карані або рускія, калі ў Вас маці такая, а бацька не! Там можа быць у Вас чорт ведае, там можа быць у Вас з Рыму італьянец нейкі ці чорт ведае хто! Разумееце? Навошта нам у гэтым капацца! Ня гэта галоўнае!
Галоўнае — што ёсьць цяпер і галоўнае — што будзе! А гісторыю — так, яе трэба ведаць, яна такая, што нам не давалі магчымасьць вось у гэтых межах
— як і Ізраілю — што, габрэі недурныя, яны там паводле паданьняў нейкіх знайшлі нешта і стварылі міты, што гэта іх была зямля. Ну, хай іх! Яна што, там была? Габрэі там жылі? Яны вярнуліся на сваю зямлю, можа, яна вось такая была, яны яе ўзялі і пачынаюць асвойваць. Ну і што з гэтага! Але сёньня дадзенасьць такая, што габрэі там жывуць. Так, трэба з палестынцамі дамовіцца, каб не было гэтай бойкі. Якое гэта жыцьцё, увесь час на парахавой бочцы! І дамовяцца!
Ёфэ: Вы думаеце?
Лукашэнка: А я ўпэўнены. А куды падзецца? Прыйдуць новыя пакаленьні — дамовяцца. Калі б яшчэ не разыгрывалі там карту амэрыканцы, Захад, расейцы, іншыя, так даўно б дамовіліся. А там жа… разьменная манэта. Так і тут. Ну, было, мы ведаем, што было. Але сёньня, зыходзячы з таго, выкрышталізавалася…
Ёфэ: Гэта значыць, расьце кансалідаванасьць ….
Лукашэнка: Вядома, вядома.
Ёфэ: Што азначае тады гэтае вашае знакамітае выказваньне аб тым, што беларусы — гэта рускія са знакам якасьці?
Лукашэнка: Гэта я вам растлумачу. Гэта не зусім жарт, гэта паўжартам.
Ёфэ: Адзін народ?
Лукашэнка: Так, мы сапраўды ў адной жылі дзяржаве. Украінец яшчэ неяк больш адрозьніваецца ад рускага, а беларуса і рускага паспрабуй падзяліць! Не разьдзеліш! Мы аднолькава размаўляем, аднолькава думаем. Мы наогул людзі падобныя абсалютна. У нас шмат крыві зьмяшана і там, і тут. Мы вельмі блізкія людзі. Але ўсё ж такі беларус — гэта, ці разумееце, як рускі, але толькі са знакам якасьці. І я ім патлумачыў: вы ведаеце, гэта чаму? Таму што вы ў свой час палякаў, габрэяў сагналі (у Беларусь — заўвага аўтара інтэрвію) і яны жылі тут. І яны лепшае ўсе дадалі да нашага. І ўсё перамяшалася….
Ёфэ: Гэта значыць беларусы — гэта частка рускага сьвету, якая мела магчымасьць…
Лукашэнка: Асыміляваць або ўзяць многія рысы ў гэтых… — ну гэта ж так. Гэта так.
Мы ад каго навучыліся гандляваць? Мы ж наогул ня ўмелі гэта рабіць. Ад габрэяў. Мы ад каго навучыліся рваць кашулю, калі трэба абараняць краіну? Ад рускіх. То бок, гэта ж уплыў. Разумееце? І вось з гэтага склалася беларуская нацыя, беларусы. Таму беларус — ён такі ж, як рускі, але са знакам якасьці. Гэта значыць ён больш якасны, больш адукаваны. Ведаеце вы, што ў нас у кожным доме, асабліва ў вёсцы, ды і ў малых гарадах, там, дзе сапраўдныя беларусы на Палесьсі, там у кожным доме ёсьць хоць нейкі музычны інструмэнт. Вы гэтага ня ведаеце?
Ёфэ: Не.
Лукашэнка: Дрэнна. Хто гэта прынёс? Не расейцы. Гэта ад габрэяў. Цымбалы, у некага скрыпка, у кагосьці баян, у кагосьці гармонік, у кагосьці гусьлі ці там…
Ёфэ: У прэсе доўгі час мусіраваліся Вашы выказваньні пра беларускую мову. Нібыта Вы некалі сказалі, што на ёй нельга выказаць нічога сур’ёзнага. А можна толькі па-руску ці па-ангельску. У апошнія гады, праўда, Вы нічога падобнага не казалі. Аднак, некаторыя аўтары адзначаюць, што Вы ўжываеце беларускія словы толькі ў нэгатыўным кантэксьце. Напрыклад: «бязглуздай дэмакратыі больш ня будзе». Адзін аўтар кнігі пра Вас нават піша, што Вы ня ўмееце размаўляць па-беларуску, што мне здаецца малаверагодным. Патлумачце, калі ласка, Вашу пазыцыю ў дачыненьні да мовы.
Лукашэнка: Ну-у, я на бязглуздыя заявы і рэагаваць ня хачу. Наагул, я не казаў, што на беларускай мове няма магчымасьці штосьці казаць. Ніколі гэтага не гаварыў. Для мяне што чытаць кніжку на беларускай мове, што на рускай — гэта адно і тое ж.(гэтыя фразы А.Лукашэнка прамовіў па-беларуску — заўвага аўтара інтэрвію)
Але праўда заключаецца ў тым, што некаторыя тэрміны немагчымыя на беларускай мове. Такое скажаш, што гэта будзе надуманае нешта. Гэта першае. Другое:
я ніколі не прыніжаў беларускую мову. Пры Лукашэнку пры паступленьнях у ВНУ цяпер пішуць больш на беларускай мове сачыненьняў, чым на рускай. Разумееце? Вось ён дрэнны. Я супраць таго, каб гэтую тэму наогул абмяркоўваць. Мова — гэта сьвятое. І ў нас ёсьць усё для таго, каб спакойна — калі трэба, 20 гадоў, каб паставіць беларускую мову ўпоравень з рускай. Усе астатнія пытаньні — да Машэрава.
Ёфэ: Зразумела …
Лукашэнка: Гэта не я, разумееце? Не я. Я атрымаў такую краіну, дзе на рускай мове, а часам на нейкі трасянцы больш размаўлялі, чым на беларускай мове. А я беларускую мову вывучаў у школе. У інстытуце.
Ёфэ: Адзін ваш біёграф піша, што Вы навучаліся ў школе, дзе не было выкладаньня беларускай мовы.
Лукашэнка: Як гэта не было? А адкуль я ведаю беларускую мову?
Ёфэ: Ну, як адкуль! З асяродзьдзя, у якім Вы мелі зносіны. Ад маці.
Лукашэнка: Ну, здрасьце! Калі ты ў школе вучыць ня будзеш, ты ведаць ня будзеш.
У мяне цешча выкладала беларускую мову ў школе, каб вы ведалі на ўсялякі выпадак, і я пазнаёміўся зь яе дачкой у 15 гадоў. І з 15-ці гадоў, акрамя школы, дык яшчэ на беларускай мове размаўлялі і з цешчай, і з жонкай, і гэтак далей.
Таму гэта поўнае глупства.
Тое, што я часам ужываю словы, вось як вы сказалі, гэта я іх цытую. Яны так кажуць часта. Вось мы сьвядомыя! Ня ведаю, як сказаць лепш — «дасьведчаныя»? Мы самыя прасунутыя, разумееце? Мы самыя прасунутыя, мы самыя пісьменныя, асьвечаныя ў гэтым пляне і гэтак далей. Ну, мы іх абазвалі «сьвядомымі». Прыгожа гучыць на беларускай мове? Прыгожа.