Кампазітар Алег Моўчан падаў у суд на вакалістку Naka
Спявачка Настасся Шпакоўская атрымала позву ў Вярхоўны суд за выкананне «Малітвы».
13.02.2015 / 14:56
Алег Моўчан заяўляе аб парушэнні выключнага права на аб’ект аўтарскага права ў позве, што атрымала вакалістка Naka Настасся Шпакоўская, распавядае Tuzin.FM.
Naka на прэзэнтацыі «Re:Песьняры». Фота: Павел Аксіновіч, 21.by
«Малітву» на словы Янкі Купалы і музыку Алега Моўчана, што ўваходзіла ў рэпертуар «Песняроў», яе гурт выканаў на канцэрце-прэзентацыі праекту «Re:Песьняры». Моўчан не прыняў варыянт гурта і забараніў выкарыстоўваць трэк. Песня не ўвайшла ў складанку, але на прэзентацыі была выкананая ў знак павагі да творчасці Купалы і «Песняроў».
Арганізатар канцэрту і прадзюсар праекту Сяргей Будкін сплаціў праз Цэнтр абароны інтэлектуальнай уласнасці вызначанае законам аўтарскае ўзнагароджанне за выкананыя на канцэрце творы, у тым ліку за «Малітву». Але тое не задаволіла Моўчана, ён таксама адмовіўся прымаць 2,5 млн рублёў — суму, роўную чыстаму прыбытку з канцэрту.
Памер шкоды Моўчан тады вызначыў у 57 млн беларускіх рублёў. Па абмене прапановамі бакі не сышліся на ўрэгуляванні спрэчкі.
Заяву ў суд кампазітар накіраваў на адрас не арганізатара, а непасрэдна выканаўцы. Цяпер ён патрабуе 18 млн за парушэнне аўтарскіх правоў і скажэнне мастацкай задумы.
Размова спявачкі з судовай калегіяй пройдзе 19 лютага. Настасся не стала каментаваць падзею да кансультацыі з юрыстам.